Навошта “чырвоныя дырэктары” ідуць ў дэпутаты мясцовых саветаў?
У Беларусі 18111 дэпутатаў мясцовых саветаў. Каб стаць адным з іх, неабходна было да 8 снежня падаць у адпаведную выбарчую камісію дакументы: сабраныя подпісы ці рашэнне партыі альбо працоўнага калектыву. Па звестках Цэнтрвыбаркама, на 27 снежня 2017 года кандыдатамі ў дэпутаты вылучана… менш за 8 тысяч чалавек. Хто гэтыя адважныя людзі?
На жаль, сайт ЦВК можа азнаёміць толькі з прэтэндэнтамі на мандат дэпутата абласнога савета. Карціна звыклая: у пераважнай большасці там дырэктары прадпрыемстваў, агракамбінатаў, школ ды розных акцыянерных таварыстваў, галоўныя дактары бальніц ды чыноўнікі мясцовых выканкамаў. Навошта гэтым людзям, якім і сваіх кіраўнічых клопатаў хапае, тое дэпутацтва? Асабліва з улікам таго, што мясцовыя дэпутаты ніякага заробку не атрымліваюць, на пенсію такі мандат ніяк не ўплывае?
Дырэктар ААТ “Антопальская ватна-прадзільная фабрыка” Генадзь Радчук прэтэндуе на месца ў Брэсцкім аблсавеце. Пераконвае, што ніякага загаду “зверху” не атрымліваў:
“Ведаеце, я ўсё сваё свядомае жыццё працую на вытворчасці і лічу сябе вытворцам ад костак да штаноў. І таму хачу, калі будзе магчымасць, падтрымліваць менавіта вытворцаў там. Наколькі гэта будзе магчыма. Бо сёння мы, вытворцы, працуем, але хацелася б троху лепш працаваць… Хачу паспрабаваць, калі мяне там пачуюць, неяк паўплываць, каб урад, аблвыканкам звярнулі больш увагі на вытворчасць”.
Генадзь Радчук балатуецца ў дэпутаты ўпершыню. Кажа, пакуль мала ведае і пра паўнамоцтвы, і пра абавязкі дэпутата. На пытанне пра клопат аб інтарэсах сваіх выбаршчыкаў, а не нейкіх “вытворцаў”, адказвае коратка.
“Калі мы будзем сапраўды падтрымліваць вытворчасць, то ў нас і заробкі будуць большыя. Ну, а дарогу адрамантаваць… Думаю, тут можна падчас асабістай сустрэчы са службамі, якія за гэта адказныя, папрасіць, пераканаць, што гэта неабходна ― думаю, гэта можна зрабіць дэпутату”.
Галіна Трыбунах, дырэктар аграпрамысловага прадпрыемства “Звезда” з Чачэрска, у адказ на маё пытанне пра матывацыю расказвае пра бескарыслівае жаданне дапамагаць вырашаць жыццёвыя праблемы. І называе гэтыя дзіўныя ў XXI веку нявырашаныя праблемы:
“Асноўныя пытанні, што хвалююць людзей, гэта дарогі. Ці пытанні па тым жа ацяпленні альбо падачы гарачай ды халоднай вады ў дамы ці асвятленне тое ж. Здавалася б, пытанне і нязначнае, павінны былі яго даўно вырашыць, а яго і не выправілі, хоць людзі звярталіся неаднаразова. Але потым раптам пытанне вырашаецца. Відаць, сёння ёсць такія кіраўнікі, якіх трэба крыху падагнаць некаму з іншай структуры ― не проста жыхару дома, кватэры. А, напэўна, менавіта дэпутаты каб гэта рабілі…”
Падчас размовы Галіна Трыбунах нечакана прызнаецца, што і цяпер таксама з’яўляецца дэпутатам Гомельскага аблсавета ― цяпер ідзе на другі тэрмін. Але на просьбу пахваліцца зробленым за папярэднія чатыры гады адказвае адмовай.
Галіна Трыбунах: “Я яшчэ першы тэрмін дапрацоўваю, рана хваліцца. Але з поўнай адказнасцю вам кажу: не шкадую, што гэтую грамадскую нагрузку на сябе ўзяла”.
І катэгарычна не пагаджаецца з меркаваннем, што мясцовыя дэпутаты не патрэбныя.
“Няўжо вам сваіх клопатаў мала ― навошта вам гэтая грамадская нагрузка ў выглядзе мандата дэпутата Магілёўскага аблсавета?” ― пытаюся ў дырэктара акцыянернага таварыства “Трылесіна-агра” Пятра Малініна.
“Нават не ведаю, што вам адказаць… Я цяпер… крыху заняты. Моцна заняты цяпер на працэдурах”, ― адказвае дырэктар і спыняе размову.
Начальнік ПМК-9 “Салігорсквадабуда” Аляксандр Іголка хоча паўторна стаць дэпутатам Мінскага аблсавета. Навошта яму гэта?
“Мала што я начальнік! У мяне душа баліць, каб людзі нашы жылі годна! І я гэтаму дапамагаў. Але разумееце, вы такую тэму закранаеце… Я не разумею, для чаго гэта вам і з якой мэтай вы ў мяне выпытваць пачынаеце? У мяне сёння няма вялікай цікаўнасці абмяркоўваць гэта з вамі”.