Названа колькасць крымінальных спраў, якія завялі па факце заражэння ВІЧ
Чырвоная стужка з'яўляецца сімвалам барацьбы са СНІДам / Gettyimages
У Беларусі ўзбуджаны 34 крымінальныя справы па факце заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека, паведамляе Следчы камітэт. Гэта статыстыка за 2021 год.
Па арт. 157 КК, калі грамадзянін заразіў іншага грамадзяніна ВІЧ па легкадумнасці або з ускосным намерам, ён можа пазбавіцца волі на тэрмін да 5 гадоў. Тэрмін пакарання можа вырасці ўдвая, калі намер быў прамым, а хваробай былі заражаныя некалькі чалавек.
1 снежня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы са СНІДам як заклік да сусветнай грамадскасці памятаць аб гэтай пакуль невылечнай хваробе і быць цярпімымі да тых, хто ўжо з'яўляецца яе пераносчыкам. Па стане на 1 лістапада, больш за 23 тысячы беларусаў маюць ВІЧ-станоўчы статус.
Як паведамляла Еўрарадыё, пяць крымінальных справаў завялі ў дачыненні да аднаго чалавека — 46-гадовага жыхара Гомельскай вобласці. Мужчына быў раней неаднаразова судзімы, ён ведаў, што з'яўляецца носьбітам ВІЧ-інфекцыі, і быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за палавыя кантакты без кантрацэптываў. Аднак у яго былі палавыя кантакты з пяццю жанчынамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.