Названыя вінаватыя ў інцыдэнце на чыгунцы з корпусам рэактара АЭС. Дакумент
Сталі вядомыя вінаватыя ў інцыдэнце на чыгунцы з корпусам рэактара АЭС, які адбыўся ў снежні 2016-га падчас транспарціроўкі з Расіі. Сайт orsha.eu апублікаваў тэлеграму, якую пасля атрымалі падраздзяленні чыгункі. Яна мела "амаль сакрэтны характар" — пасля азнаямлення патрэбных супрацоўнікаў тэлеграму вярталі "адказным асобам". Дарэчы, у ёй не згадваецца корпус рэактара, толькі "звышгабарытныя грузы".
Вінаватымі ў інцыдэнце ў тэлеграме называюцца работнікі трох падраздзяленняў Беларускай чыгункі: барысаўскай пуцявой часткі, аршанскай шнуравой часткі, а таксама аршанскія энергетыкі. Маршрут не быў належным чынам абследаваны.
Як паведамляла Еўрарадыё, цягнік, які перавозіў корпус рэактара для БелАЭС, трапіў у інцыдэнт 26 снежня мінулага года. Здарылася гэта на станцыі "Слаўнае" ў Талачынскім раёне. Там адбыўся "дотык металічнага транспартнага кажуха, што ахоўвае бурт апорны корпуса рэактара, з полай жалезабетоннай апорай кантактнай сеткі".