"Не бойцеся". Галоўнае з Нобелеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага

Наталля Пінчук чытае Нобелеўскую лекцыю Алеся Бяляцкага
Наталля Пінчук чытае Нобелеўскую лекцыю Алеся Бяляцкага

10 снежня Наталля Пінчук прачытала ў Осла Нобелеўскую лекцыю ад імя Алеся Бяляцкага. Праваабаронца не змог перадаць на волю тэкст свайго выступу. Але ён паспеў сказаць сваёй жонцы пару фраз на гэтую тэму. А яна дадала да іх ягоныя думкі, напісаныя і выказаныя раней, за 40 гадоў барацьбы з таталітарызмам і правазашчыннай дзейнасці.

Вось некалькі цытат з Нобелеўскай прамовы Алеся Бяляцкага.

"Не толькі Алесь у турме. Тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадзянскую пазіцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў".

"Так здараецца, што людзі, якія больш за ўсё цэняць свабоду, пазбаўленыя яе".

"Гэтая ўзнагарода належыць усім маім калегам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіццё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне".

"Цяпер  перманентная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь не ў чыстым выглядзе ўва ўсім рэгіёне. Халодная сцюжа з Усходу сутыкнулася з цяплом еўрапейскага рэнесансу".

"Недастаткова быць адукаваным і дэмакратычным, недастаткова быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцце Айчыны было тоесным паняццю свабоды".

"Я дакладна ведаю, якая Украіна задаволіла б Расію і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу. Расійскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка. Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць "інтэрнацыяналу дыктатураў".

"Свабоду беларускаму народу! Свабоду "Вясне"! Жыве Беларусь!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі