"Не было павучанняў": як опер адгаварыў школьніцу ад скачка са шматпавярховіка
Вуліца Русіянава ў Мінску / "Яндэкс.Карты"
Оперупаўнаважаны Першамайскага РУУС Мінска Дзмітрый Гутнікаў расказаў Еўрарадыё, як выратаваў школьніцу, якая сабралася скокнуць са сталічнага вышыннага дома. Стоячы на балконе, дзяўчына пачала прамую трансляцыю ў сацсетцы. Яе сяброўка выклікала міліцыю, выклік перадалі Гутнікаву.
Ён расказвае, што спачатку хваляваўся, але, калі знайшоў падлетка, хваляванне знікла. З'явілася ўпэўненасць, што ўсё пад кантролем:
"Ехаў з намерамі выратаваць дзяўчыну. Не думаў пра тое, што магу не паспець".
Размаўляючы з дзяўчынай, якая стаяла на агульным балконе 19-га паверха дома на вуліцы Русіянава, Дзмітрый стараўся трымацца з ёй на адной хвалі: "Не было павучанняў. [Былі] словы падтрымкі".
Што дапамагло пераканаць школьніцу ў тым, што яна здзяйсняе дурны ўчынак?
"Перакананне, што з любой сітуацыі ёсць выйсце і што ёсць людзі, якія яе любяць", — адказвае супрацоўнік міліцыі. Ён таксама расказаў, што да гэтага выпадку выратаваў дзіця, якое танула: "Тады адчуваў адказнасць, хацелася апраўдаць чаканні".
Раней агенцтва "Мінск-Навіны" паведаміла, што супрацоўнік крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС падчас прамога эфіру ў сацыяльнай сетцы выратаваў дзяўчыну, якая збіралася звесці рахункі з жыццём. Пра яе намеры ў міліцыі расказала сяброўка школьніцы, якая глядзела эфір. Сітуацыя адбывалася на агульным балконе 19-павярховіка па вуліцы Русіянава. Пасля званка ў міліцыю на месца прыехаў нарад.