“Нешта рабіць лепш з аднадумцамі” ― Лагвінец стварае новы грамадскі рух
Палітолаг Алесь Лагвінец, былы намеснік старшыні Руху “За Свабоду”, стварае новы грамадскі рух, які атрымаў назву “Дзея”. Паводле яго слоў, такая ідэя з’явілася ў яго і шэрагу паплечнікаў яшчэ ў студзені бягучага года. 20 траўня заснавальнікі новага грамадскага руху правялі свой устаноўчы сход. Лагвінец кажа, што цяпер у іх ёсць тры тыдні на падрыхтоўку і падачу дакументаў на рэгістрацыю ініцыятывы.
Лагвінец: “Мы палічылі больш мэтазгодным дзейнічаць колам аднадумцаў і рушыць далей. Самае галоўнае для нас гэта ― супольнае грамадзянскае дзеянне на карысць зменаў у Беларусі. Нашы каштоўнасці ― свабода і незалежнасць Беларусі, яе нацыянальнае адраджэнне. Мы ўжо распачалі і будзем працягваць займацца пытаннем усталявання помніку “Слуцкім паўстанцам”, разам з ТБМ займаемся кампаніяй па беларусізацыі”.
Сярод сузаснавальнікаў “Дзеі” такія асобы, як Аліна Нагорная, Сяржук Бахун, Максім Ціханаў, Пётр Маркелаў ― усе яны знаходзяцца ў радзе новай ініцыятывы. Чаму яны не сталі ажыццяўляць свае планы ў межах Руху “За свабоду”, Лагвінец расказваць адмовіўся. Па словах палітыка, яны не хочуць азірацца на мінулае, а працаваць на будучае “лепш асобна і ў кампаніі аднадумцаў”.
Наконт перспектыў афіцыйнай рэгістрацыі іх грамадскага руху Мінюстам, Лагвінец ілюзій не мае. Тым не менш кажа, што “суб’ектнасць арганізацыі вызначаецца не наяўнасцю рэгістрацыі, а наяўнасцю ў ёй пазнавальных асоб, ініцыятыў і паспяховых праектаў”.