Neuro Dubel праспявае на БТ песню Крамбамбулі

Гурт Neuro Dubel, які да нядаўняга часу быў негалосна забаронены, паўдзельнічаў у тэлепраграме "Наперад у мінулае" для БТ. Музыкі запісалі сваю інтэрпрэтацыю народнай песні “Як служыў жа я ў пана” і ўжо хутка праграма выйдзе ў эфір.


“Гэта перадача Анатоля Вечара, дзе яны ездзяць па вёсках і здымаюць бабулек, якія спяваюць народныя песні, ― тлумачыць лідар гурта Аляксандр Кулінковіч. ― Далей яны прапануюць сучасным выканаўцам выбраць адну з гэтых песень і сыграць па-свойму. Потым ставяць арыгінал і тое, што атрымалася. Раней яны запрашалі поп-выканаўцаў, а цяпер, відаць, ужо і рокеры пойдуць. Мы выбралі песню, якую, як высветлілася, ужо выконваў Вольскі, але пра гэта я не ведаў, таму што атрымалася, тое атрымалася”.


Аляксандр асобна адзначае, што ў праграме іх падпішуць менавіта як Neuro Dubel, а не “Адзін вядомы гурт” ці “ВІА Аляксандра Кулінковіча”, як даводзілася пазначаць сябе на афішах апошнім часам. Лідар Neuro Dubel дзеліцца гэтай інфармацыяй на сустрэчы з прыхільнікамі, якая праходзіць напярэдадні фестывалю “Дзень Радыё” у офісе TUT.BY. На думку Кулінковіча, “былых апальных” цяпер будуць актыўна запрашаць ва ўсе тэлеэфіры, але наўрад ці гэта будзе цягнуцца доўга”.


А вось Аляксандр Памідораў на сустрэчы больш змрочны, яго больш цягне да развагаў пра мінулыя часы і здзіўляе адсутнасць вялікіх канцэртных пляцовак у сталіцы.


“Я не разумею якім чынам у 2-мільённым горадзе толькі адзін вялікі канцэртны клуб! ― абураецца лідар Pomidor/OFF і падаецца ва ўспаміны. ― Ды і публіка змянілася. Раней у тую ж “Рэзервацыю” людзі прыходзілі паскакаць і папіць піва, а цяпер ― папіць піва і паслухаць музыку. Там быў нармальны свойскі бардак. Раней неяк супадалі і настроі, і тое, на чым працаваць, пруха супадала з матэрыяльнай часткай. Нармальна было апошнія гады існавання “Рэактара”. Па-першае мы ўжо добра ведалі гэты клуб, яго магчымасці і г.д. Там была выдатная сцэна, якая рухалася куды заўгодна, гук…”


Падчас размовы музыкі прызнаюцца, што па-за канцэртамі ды рэпетыцыямі адзін з адным не сустракаюцца, не тусуюцца, хоць і лічаць склад гурта блізкімі сябрамі. Кулінковіч чарговы раз прызнаецца, што не любіць слухаць музыку і хадзіць на канцэрты, Памідораў ведае маладыя беларускія гурты, але слухае толькі па выпадку. Абодва рокеры сыходзяцца на неразуменні адмовы сябраваць паміж сабою у сучасных музыкаў.


На завяршэнне прысутныя атрымліваюць падарункі ад кампаніі "Рок Салідарнасць" - майкі, значыкі і календары, а Аляксандр Кулінковіч і Аляксандр Памідораў адказваюць на своеасаблівае бліц-апытанне ад карыстальнікаў сацыяльных сетак “Еўрарадыё” і запрашаюць на святкаванне “Дня Радыё” ў Re:Public 6-га траўня.


“Самае галоўнае ў будучым канцэрце тое, што публіка нарэшце нас пачуе на вялікай пляцоўцы і ў сваім родным горадзе! ― кажа Кулінковіч. ― Абяцаем адыграць добра, весела, безбашанна і, магчыма, выканаем песні, якія не гралі ўжо гадоў па 15”.


“Мы рыхтуем максі-сінгл, які і выканаем на канцэрце, але ён пакуль не запісаны, ― дадае Памідораў. ― Пазней, можа, зладзім і афіцыйную прэзентацыю, а пакуль прыходзьце на канцэрт і адрывайцеся!”


Чаму Neuro Dubel дэградуе пасля альбому “Танкі”, на які ўзрост сябе адчувае Памідораў ды чаму абодва рокеры лічаць нерэальным вяртанне супольных музычных праектаў глядзіце у відэа бліц-апытання ад інтэрнэт суполкі “Еўрарадыё”.

Фэст "Дзень радыё" пройдзе 6 траўня ў клубе Re:Public. Квіткі каштуюць 110 тысяч. У дзень канцэрта — 130 тысяч, за столікам — 150 тысяч.
Квіткі можна набыць ў клубе Re:Public, ГЦ "Купалаўскі" (19-ы павільён), а таксама ў распаўсюджвальнікаў ды на сайтах ticketpro.by і kvitki.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі