"Неўязны" спецдакладчык ААН па Беларусі абнародаваў сваю справаздачу
Беларускім уладам рэкамендавана неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць з турмаў усіх палітычных апанентаў, праваабаронцаў і актывістаў.
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе, які прадставіў для азнаямлення Савету ААН па правах чалавека спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Міклаш Харашці. Як паведамлея БелаПАН, даклад плануецца разгледзець падчас 23-й сесіі Савета. Яна пройдзе з 27 траўня па 14 чэрвеня ў Жэневе.
Харашці адзначае, што сітуацыя з палітвязнямі выклікае глыбокую турботу. Умовы іх утрымання ў турмах ён расцэньвае як неналежныя, а часам і як катаванні.
Таксама беларускаму ўраду рэкамендавана прыбраць усе перашкоды, якія замінаюць актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны.
Афіцыйнаму Мінску рэкамендавана апублікаваць вычарпальную інфармацыю па выкананых смяротных прысудах і неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Харашці рэкамендуе расследаваць выпадкі гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста Завадскага, пазбаўленне ліцэнзій і пераслед адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў "справы 19 снежня 2010 года", гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.
Ёсць у дакладзе і рэкамендацыя перагледзець і прыняць такое заканадаўства, якое "будзе абараняць мірныя сходы, у тым ліку спантаныя акцыі".
Харашці звяртае ўвагу на тое, што так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы. Нагадаем, што беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім.