(Не)забароненыя музыкі для міленіялаў: канцэрт IC3PEAK у Мінску
25 ліпеня ў Мінску адбыўся канцэрт правакацыйных электроншчыкаў з Масквы IC3PEAK. Хоць аншлагу і не атрымалася, але сталічны клуб Re:Public наведалі ў той вечар каля 500 чалавек — пераважна моладзь да 20 гадоў.
На сцэну дуэт Насці і Мікалая падняўся з мінімалістычным трэкам “Считалочка”. Песня адкрывае не толькі канцэрт, але і мінулагодні альбом “Сказка”. Менавіта кампазіцыі з гэтай кружэлкі складуць асноўную праграму выступу.
“Прывітанне, Мінск! Спадзяёмся, што гэты канцэрт нарэшце адбудзецца!” — вітае залу пасля канцэртнага інтра Насця. Гэта — відавочны намёк на адменены канцэрт у Мінску, які мусіў адбыцца у канцы мінулага года.
Прывітанне напачатку і “Дзякуй, Мінск!” напрыканцы — увесь дыялог дуэта з залай. Паміж — толькі музыка фірмовага гучання: драйвовая, але вельмі змрочная. Эксперыментальныя ў сваіх запісах электроншчыкі з эксперыментамі на сцэне не рызыкуюць: усё гучыць амаль адзін у адзін як на кружэлках.
Гурт, які таксама вядомы шыкоўнай візуалізацыяй кліпаў, у афармленні мінскага “шоу” вельмі сціплы: Мікалай у чорным строі за электроннымі інструментамі, Насця ў чорным худзі з мікрафонам у руках, на сцэне — прыглушанае святло, што адпавядае змрочнай атмасферы музыкі. Нічога лішняга.
Фінал — выкананне разам з залай хіта “Смерти больше нет”, якое здымаюць сотні смартфонаў для сторыз у Інстаграме. Гурт сціпла развітваецца і сыходзіць са сцэны ў 20:59 (выступ жа пачаўся ў 20:00)!
Выкрыкі “Яшчэ! Яшчэ!” казачнага цуду не прыносяць: музыкі на біс так і не выходзяць. Канцэрт галоўных музычных скандалістаў сучаснай Расіі доўжыцца менш за гадзіну. У той вечар гэта — іх галоўная правакацыя. “Было добра, але мала”, — кажуць прысутныя і пасля марнага чакання ідуць у бок гардэроба.
***
Падчас свайго мінулага візіту ў Мінск гурт IC3PEAK тусіў у студыі Еўрарадыё! Глядзіце, як гэта было: