Незалежных назіральнікаў за выбарамі размяшчаюць так, каб яны нічога не бачылі
Незалежныя назіральнікі за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў фіксуюць новыя парушэнні падчас датэрміновага галасавання. Паводле кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, у Смаргоні на выбарчым участку №12, які размешчаны ў мясцовай школе №1, пасля першага дня галасавання камісія пазначыла ў выніковым пратаколе, што на ўчастку з 1405 выбаршчыкаў прагаласавала 57, або больш за 4%. У той жа час назіральнікі зафіксавалі яўку на участак толькі 19 выбаршчыкаў.
“Назіральнікі там не маюць элементарных умоў для выканання сваіх функцый. Іх размясцілі такім чынам, што яны не бачаць ні працэсу выдачы бюлетэняў выбаршчыкам, ні працэсу ўкідвання імі запоўненых бюлетэняў у скрыню. Перад вачыма назіральнікаў толькі ўваходы ў кабіны для таемнага галасавання”, — паведамляе прэс-служба кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Інтэрнэт-рэсурс Elect.by паведамляе, што на ўчастку №42 Аўтазаводзкай выбарчай акругі № 92, на ўчастку № 42, назіральнік пры просьбе даць яму інфармацыю аб колькасці асобаў, якія прагаласавалі, быў выпхнуты сябрамі камісіі за дзверы.