Незалежныя журналісты трапілі ў “чорны спіс” брэсцкіх ідэолагаў?
Начальнік ідэалагічнага аддзела па працы са СМІ Брэсцкага аблвыканкама забараніў супрацоўнікам абласнога краязнаўчага музея даваць інтэрв’ю здымачнай групе тэлеканала “Белсат” (Польшча), распавядае незалежны журналіст Алесь Ляўчук. Канфліктная сітуацыя адбылася 26 лістапада.
Ляўчук: “Мы з аператарам рабілі сюжэт пра закрыццё сезону праекта “Модны чацвер”. Амаль усё адзнялі і заставалася толькі запісаць каментарый арганізатараў. Але арганізатары спачатку казалі, “давайце праз пяць хвілін”, пазней “праз дзесяць”… У выніку мы даведаліся, што супрацоўнік ідэалагічнага аддзела Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Ляўковіч загадаў кіраўніцтву музея не даваць нам аніякіх інтэрв’ю”.
Па словах Леўчука, пра забарону ён даведаўся з прыватнай размовы з адным з супрацоўнікаў музея, які папрасіў не называць яго імя. Адметна, што здымачная група “Белсата” да гэтага неаднаразова рабіла сюжэты пра тэматычныя выставы ў музеі. Раней на здымках праекта “Модны чацвер” да іх ніхто не меў прэтэнзій.
Алесь Ляўчук распавядае і пра асабістую сустрэчу з ідэолагам Вадзімам Ляўковічам, які прысутнічаў на мерапрыемстве і сам падышоў да здымачнай групы.
“Ён убачыў лагатып “Белсата”, падышоў і запытаў, ці маем мы акрэдытацыю. Мы адказалі, што маем права здымаць, бо мы — не штатныя супрацоўнікі “Белсата”, а як фрылансеры маем права здымаць, бо гэта дазваляе беларускае заканадаўства”.
Еўрарадыё звязалася з Вадзімам Ляўковічам. Ці сапраўды чыноўнік перашкаджаў працаваць незалежным журналістам, як пра гэта распавядае Алесь Ляўчук?
Ляўковіч: “Такога факта ўвогуле не было! Супрацоўнікі “Белсата” прысутнічалі амаль на ўсім мерапрыемстве і проста былі папярэджаныя пра тое, што праца замежнага СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў недапушчальная, бо гэта з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Ніхто іх за рукі не выводзіў, не прыцягваў супрацоўнікаў унутраных спраў! Мы іх проста папярэдзілі!”
Еўрарадыё: Але яны кажуць, што супрацоўнікі музея адмовіліся ім што-небудзь каментаваць, бо такое распараджэнне нібыта асабіста Вы далі…
Ляўковіч: "Не, такога распараджэння не было…".
Сюжэт пра закрыццё сезона праекта “Модны чацвер” усё ж выйшаў у эфір тэлеканала “Белсат”, праўда, без каментарыяў арганізатараў.
Па словах Леўчука, пасля прэзідэнцкіх выбараў гэта першая спроба ўладаў перашкодзіць журналістам у Брэсце выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Нагадаем, што за супрацоўніцтва з “Белсатам” у перыяд з канца 2014-га па пачатак 2015 года Алеся Ляўчука судзілі тройчы на падставе артыкула 22.9 КаАП. За працу без акрэдытацыі журналіста пакаралі штрафамі агульным памерам амаль у 19 мільёнаў рублёў.
На фотаздымку Алесь Ляўчук (фота Міланы Харытонавай)