Ніно Катамадзэ звярнулася да беларускіх прыхільнікаў (відэа)
Грузінская дзіва запрашае на святкаванне 15-годдзя свайго калектыву Insight у Мінску.
20 лістапада ў сталічным Палацы Рэспублікі выступіць знакамітая грузінская спявачка Ніно Катамадзэ з гуртом Insight. Праграма будзе прысвечаная 15-годдзю сумеснай дзейнасці музыкаў.
"Я спадзяюся сустрэцца з вамі і падзяліцца музыкай. Цалую, абдымаю і чакаю з нецярпеннем", — кажа Ніно з сваім відэазвароце.
Спявачка выйдзе на сцэну ў суправаджэнні струннага аркестра пад кіраўніцтвам Нікалоза Рачвэлі і пры ўдзеле духавога ансамбля Georgian Brass.
Выступаць разам з Insight Ніно Катамадзэ пачала ў 1999 годзе. Музыку, якую стварае з гуртом, Ніно называе people music. Спявачка лічыць, што "сэнс творчых шуканняў калектыву — пракрасціся ў сутнасць з'яў жыцця і адлюстраваць усе грані эмоцый, якія перажывае чалавек".
Праграма мінскага канцэрта трымаецца ў сакрэце. Ёсць верагоднасць, што беларусы пачуюць творы з новага "каляровага" альбома Катамадзэ. У яе дыскаграфіі ўжо ёсць белы, чорны, чырвоны, зялёны і блакітны альбомы. Пра колер, канцэпцыю і стылістыку новага лонгплэя пакуль не паведамляецца.
Пачатак канцэрта ў 19.00. Кошт квіткоў ад 300 да 900 тысяч рублёў.
Інфалінія: +375 44 5 947 947.
Фота: Khatia Psuturi (Juda)