НІСЭПД: за Лукашэнку гатовыя прагаласаваць 32,6% беларусаў
Паводле апошняга сацыялагічнага даследавання, рэйтынг кіраўніка Беларусі зноў зніжаецца.
Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання, праведзенага ў снежні Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Вільня, Літва). Дынаміка рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі такая: у 2012 годзе ў чэрвені — 29,7%, у снежні — 31,5%; у 2013 годзе ў сакавіку 33,4%, у чэрвені 37,3%, у верасні 42,6%, а ў снежні — 34,8%. Гэты рэйтынг пацвярджаецца і адказам на закрытае пытанне, згодна з якім за Лукашэнку гатовыя галасаваць 32,6%, перадае БелаПАН.
Упершыню ў 2013 годзе колькасць асобаў, якія не маюць даверу да Лукашэнкі, значна перавысіла колькасць тых, што яму давярае — 47,5% супраць 37,7%.
Пры гэтым НІСЭПД адзначае, што апытанне праводзілася да выдзялення двухмільярднага крэдыту, падпісання газавага кантракту на 2014 год ды іншых прэферэнцыяў, якія Беларусь нядаўна атрымала ад Расіі. Цалкам магчыма, што “зацыраваўшы дзіркі” ў бюджэце з іх дапамогай, беларускім уладам на нейкі час зноў удасца стабілізаваць сітуацыю, мяркуюць незалежныя сацыёлагі.
Лукашэнка: У 2014 годзе ў Беларусі заканчваецца перыяд дыктатуры (відэа)
Фота — ria.ru