Нізкая якасць жыцця, дэпрэсія і міграцыя: страх і праблемы ў рэгіёнах
Настроі беларусаў негатыўныя праз палітычныя і эканамічныя праблемы
Беларускае грамадства ва ўсіх рэгіёнах хвалююць палітычны крызіс, эканамічная дэпрэсія і дэградацыя сацыяльнай сферы. Такія высновы можна зрабіць з вынікаў даследавання "Цэнтра новых ідэй".
Сацдаследаванне заснаванае на маніторынгу рэгіянальных СМІ, дзвюх экспертных фокус-групах і апытанні праз Viber. Звесткі збіраліся ў канцы чэрвеня 2021 года сярод актыўнай пратэставай аўдыторыі. Даследчыкі адзначаюць, што гэтыя людзі больш ангажаваныя ў палітычных пытаннях, але іх апытанне дае разуменне адрозненняў у жыцці розных рэгіёнаў. Усяго апытана 5685 чалавек.
Расце раскол на "цывільных" і "сілавікоў"
Палітычныя рэпрэсіі — асноўная праблема апытаных, прычым у сталіцы яна найбольш актуальная. Яе адзначылі 83% рэспандэнтаў з Мінска і 49% з рэгіёнаў.
У Мінску 92% апытаных заявілі, што выражэнне палітычных поглядаў, якія адрозніваюцца ад пазіцыі дзейнай улады, пераследуецца вельмі моцна. У абласных цэнтрах так лічаць 76% людзей, якія падтрымліваюць пратэст. Найменшы гэты паказчык у раённых цэнтрах — 57%. У гарадах і гарадскіх пасёлках так адказалі 60% апытаных, а ў аграгарадках і вёсках — 66%.
Дэпрэсія ў эканоміцы: рост цэн, беспрацоўе, міграцыя
Акрамя палітычнага крызісу, на настроі людзей уплывае больш чым дзесяцігадовая стагнацыя эканомікі. Прадстаўнікі бізнесу не бачаць пазітыўнай будучыні ў Беларусі, адзначаецца ў справаздачы.
— Ва ўспрыманні жыхароў найбольшыя адрозненні паміж сталіцай і рэгіёнамі відаць у пытанні цэн, сітуацыі з рынкам працы і міграцыяй. Для жыхароў рэгіёнаў гэта адны з самых важных праблем пасля палітычных, у той час як моцная эканоміка Мінска прасцей адаптуецца да крызісаў.
Вынікі апытання паказваюць, што Мінск становіцца месцам, з якога імкнуцца выехаць за мяжу, хоць раней ён быў прывабным горадам для рэлакацыі з рэгіёнаў.
Больш за ўсё жыхароў Мінска і рэгіёнаў хвалююць цэны на прадукты. Пра гэта заявілі 25% і 29% адпаведна. Ад'езд жыхароў турбуе толькі 11% рэспандэнтаў у рэгіёнах, а ў Мінску — 20%.
Адваротная сітуацыя з працаўладкаваннем. Гэта не бяда для Мінска, у той час як пятая частка апытаных у рэгіёнах лічаць пытанне працаўладкавання праблемным.
Праз скарачэнне прыватнага бізнесу людзям у рэгіёнах нашмат складаней знайсці працу, бо часцяком заняпалы дзяржсектар не генеруе новых працоўных месцаў. А рост цэн людзі ўспрымаюць як набліжэнне сур'ёзнага крызісу.
Палітычныя і эканамічныя праблемы падганяюць міграцыйныя настроі. Апытанне паказвае, што найбольш актуальна гэта для Мінска, аднак і ў рэгіёнах доля тых, хто пакідае Беларусь, высокая.
Сацыяльна арыентаваная дзяржава толькі на словах
Неспрыяльная эканамічная сітуацыя адбіваецца на якасці сацыяльных паслуг. Найбольш гэта балюча для рэгіёнаў, бо ў Мінску эканоміка мацнейшая.
— Удзельнікі экспертных фокус-груп падзяліліся адчуваннем, што расходы на сацыяльную інфраструктуру памяншаюцца. Якасць новай інфраструктуры нізкая, мясцовыя ўлады спрабуюць эканоміць сродкі. Найбольшыя праблемы з інфраструктурай у малых гарадах. Са станоўчых прыкладаў можна вылучыць Брэст, дзе працягвае развівацца гарадская інфраструктура, — гаворыцца ў справаздачы.
Больш за ўсё беларусы занепакоеныя станам дарог (24% апытаных у рэгіёнах і 5% у Мінску), якасцю медыцынскіх паслуг (21% у рэгіёнах і 11% у Мінску) і якасцю адукацыі. Прычым пытанні адукацыі хвалююць амаль аднолькавую частку жыхароў рэгіёнаў і мінчукоў (7% і 8% адпаведна).
Сітуацыя з інфраструктурай будзе пагаршацца, лічаць спецыялісты "Цэнтра новых ідэй". Бо многія праекты фінансаваліся міжнароднымі або еўрапейскімі арганізацыямі. Цяпер такой магчымасці няма.
Скарачэнне бюджэтных расходаў на сацыяльныя паслугі і інфраструктуру прыводзіць да імітацыі парадку, падкрэслівае "Цэнтр новых ідэй".
— У рэгіёнах адчуваецца нястача настаўнікаў, медыцынскіх работнікаў. Існуе праблема састарэлай апаратуры ў медыцынскіх установах. Чым меншы горад, тым больш вострыя гэтыя праблемы. У менш актыўных групах некаторыя сацыяльныя праблемы адчуваюцца як належнае, напрыклад, пенсіянеры могуць быць незадаволеныя якасцю медыцынскіх паслуг, але яны не лічаць, што іх паляпшэнне магчымае, — гаворыцца ў справаздачы.
Даследчыкі прыходзяць да высновы, што эканомія на медыцыне, адукацыі і пагаршэнне работы жыллёва-камунальных службаў сціраюць успрыманне дзяржавы як сацыяльна арыентаванай. Напрыклад, сярэдняя адукацыя ўмоўна бясплатная праз пастаянныя зборы на капрамонт, патрэбы школы і навучальныя матэрыялы, а вышэйшая адукацыя вымушае жадаць лепшага пры дарагім платным навучанні.
Перспектывы дэпрэсіўныя
Усе пазначаныя праблемы вядуць да таго, што беларусы будуць усё больш аказвацца незадаволенымі жыццём, лічаць даследчыкі.
— Дэпрэсія праглядвае і ў экспертных фокус-групах, і ў апытанні пратэставай аўдыторыі. Праблемы працаўладкавання, высокіх цэн і міграцыі былі ў рэгіёнах даўно. Але цяпер, без эканомікі, якая расце, гэта можа прывесці да таго, што малыя і сярэднія гарады паўтораць лёс сельскай мясцовасці.
Праз больш надзённыя эканамічныя і палітычныя праблемы толькі 5% апытаных адзначылі, што экалагічныя пытанні іх населенага пункта важныя. Сярод самых актуальных пытанняў экалогіі — выкіды прамысловых прадпрыемстваў (вылучылі 58% занепакоеных экалогіяй), выхлапныя газы ад аўтамабіляў (56%) і высечка дрэў (47%).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.