Nizkiz “Лірика”
Другі альбом магілёўскіх альтэрнатыўшчыкаў з новым гітарыстам, але амаль без зменаў у гучанні.
Альбом “Лірика” магілёўскіх альтэрнатыўшчыкаў Nizkiz замацоўвае пазіцыю, занятую яшчэ дэбютным альбомам яшчэ ў 2012-м годзе. Нельга сказаць, што стылістычна, эмацыйна, меладычна новы матэрыял неяк моцна адрозніваецца ад папярэдняга. Nizkiz застаюцца пазнавальнымі і, нават, у чымсьці прадказальнымі. Натуральна, вялікую ролю ў мелодыцы і пазнавальнасці выконвае моцны, надрыўны і для беларускай сцэны рэдкі вакал Сашы Ільіна. Адзіная праблема — як і на першым дыску, даволі складана разабраць словы, прынамсі без паўторнага праслухоўвання. А адпаведна, і сэнсавае напаўненне песень застаецца пад пытаннем.
Тэхнічны бок альбома, як і мінулым разам, ніякіх нараканняў не выклікае. Прафесійна сыграныя партыі, адточаныя вылізаныя аранжыроўкі, вар’яцкая па сваёй моцы энергетыка — не пакідаюць абыякавым. Цікава, што нават змена гітарыста, якая адбылася акурат паміж запісамі альбомаў, амаль не адбілася на агульным гучанні гурта. Хлопцы абсалютна дакладна ведаюць, што робяць і навошта, але пры гэтым не скатваюцца на штучнае механічнае выкананне.
Абсалютна кожны з дзевяці трэкаў альбома можна смела назваць патэнцыйным хітом. Што праўда, “фарматнасць” песень апошнім часам у Беларусі стала вельмі вузкім паняццем. Яна вызначаецца паводле ўласных музычных густаў не самых прафесійных тэле-радыё музрэдаў. Таму казаць пра гучанне альбома з кожнага праса не даводзіцца, а адпаведна, і пра набыццё песнямі статусу “хіт” таксама.
На дыску дзве беларускамоўныя песні, пра якія хочацца сказаць асобна. “Цяпер і далей” выходзіла ў якасці сінгла і сваю вартасць ужо даўно даказала. Гэта пацвярджае хаця б рэакцыя на яе падчас канцэртаў. Nizkiz занялі даволі частую для нашай сцэны пазіцыю гурта, які значна больш цікава гучыць менавіта на беларускай мове, але пры гэтым працягвае аддаваць перавагу рускай. Што праўда, альбом “Лірика” гэтае ўражанне крыху псуе. Трэк “Як спыняецца цішыня”, напэўна, самы слабы на дыску. Але гэта зусім не значыць, што трэба спыняць “двухмоўныя практыкі”. Промахі бываюць ва ўсіх.
Рэліз альбома “Лірика” гурта Nizkiz адбыўся акурат своечасова. Дыск вельмі вясенні, пазітыўны і настраёвы. Нягледзячы на вельмі моцны энергетычны і эмацыйны ўдар ён вельмі арганічна ўпісваецца ў сённяшняе асяроддзе і “на рэпіце” выдатна суправаджае, напрыклад, перасоўванні па горадзе. Дзе ж вы, Nizkiz, былі гатоў 7-10 таму, калі з такім альбомам можна было адразу выйсці на забітыя стадыёны!?
- Трэк-ліст:
- 01 – Будь моей звездой
- 02 – Поворачивай!
- 03 – Цяпер і далей
- 04 – Лирика
- 05 – Где я…
- 06 – Ничего не бойся
- 07 – Як спыняецца цішыня
- 08 – Из-за нее
- 09 – Катрина
Паслухаць альбом “Лірика” гурта Nizkiz можна тут.