Nizkiz рыхтуюць да прэзентацыі альбом неванільнай лірыкі (фота са студыі)
Музыкі кажуць, што гэта будзе мужчынскі погляд на слова "каханне".
Nizkiz завяршаюць працу над новым альбомам і на пачатку сакавіка плануюць яго выпусціць. Працоўная назва другой па ліку кружэлкі магілёўскай каманды — "Лірыка". Адпаведна, такім жа лірычным будзе і яе ўнутраны складнік, распавядае фронтмэн гурта Аляксандр Ільін:
"Усе песні падпарадкаваныя назве альбома. Ён пра каханне, пра мары, шчасце, надзеі. Я спадзяюся, што ў гэтым альбоме перададзеная ўся палітра слова "каханне". Але гэта не ванільная лірыка, а лірыка з пункту гледжання мужчыны".
Па словах Аляксандра, новая кружэлка Nizkiz у параўнанні з дэбютнікам больш выглядае больш жывой, актуальнай і шчыльнай па гучанні. Пакуль не вядома, колькі песень увойдзе у лонглэй, але дакладна дзве з іх, сінгл "Цяпер і далей" і цалкам новы трэк, будуць беларускамоўныя.
Першымі, хто пачуе кружэлку, будуць слухачы маскоўскага "Свайго радыё". На жыва альбом упершыню прагучыць 14 сакавіка ў адным з маскоўскіх клубаў. У планах гурта — тур па Беларусі ў падтрымку альбома.
Запіс альбома адбываўся ў Магілёве на студыі "ARZAMAS16" у старога сябра гурта і галоўнага "жывога" гукарэжысёра горада Дзяніса Манёнка. Барабаны Nizkiz вырашылі запісаць не ў студыі, а прама на сцэне клуба Cuba.
"Паставілі ўдарную ўстаноўку проста на танцпол — і наперад!) Часу было не так шмат: да начной дыскатэкі трэба было вызваліць памяшканне). Але ў чарговы раз мы пераканаліся, чым больш мы абмежаваныя нейкімі межамі, тым вышэйшая канцэнтрацыя, і ўсё лепш атрымоўваецца. Атрымаўся выдатны досвед і барабанныя "дарожкі")", — пішуць музыкі ў сацсетках.
Фота са старонак гурта ў сайцыяльных сетках.