НН: каардынатар Канапацкай кажа, што за яе сабрана толькі 10 000 подпісаў

НН: каардынатар Канапацкай кажа, што за яе сабрана толькі 10 000 подпісаў

Каманда Ганны Канапацкай сабрала толькі 10 тысяч подпісаў, а не 100 тысяч, як было абвешчана раней. Пра гэта "Нашай Ніве" ананімна расказаў адзін з рэгіянальных каардынатаў яе ініцыятыўнай групы.

"Насамрэч сабрана не больш за 10 тысяч подпісаў. А што вы хацелі? Так робяць амаль усе кандыдаты", — цытуе "Наша Ніва" яго словы. Паведамляецца, быццам збор подпісаў за Канапацкую быў спынены яшчэ на пачатку мінулага тыдня. Перасталі працаваць пікеты, абыход кватэраў таксама спыніўся. 

Ганна Канапацкая назвала гэтую інфармацыю "няўдалай спробай збіць рэальна моцнага кандыдата, які выступае за незалежнасць Беларусі". Як паведамляе svaboda.org, па словах палітыка, некалькі дзён таму было сабрана 110 тысяч подпісаў за яе вылучэнне.

Іншы прадстаўнік ініцыятыўнай групы ў адным з раённых цэнтраў Віцебскай вобласці пацвердзіў журналістам, што была каманда спыніць збор подпісаў. 

Ёсць звесткі, што ў каманды Канапацкай пачаліся праблемы з аплатай працы зборшчыкаў. "Наша Ніва" заяўляе, што Канапацкая абяцала 0,7 долара за кожны подпіс. Нейкі час, як кажуць каардынатары, яна адмаўлялася расплачвацца, але потыму усё ж аддала грошы.

Прадстаўнік Віцебскай вобласці заявіў, быццам прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду адмовілася аплачваць працу пікетаў. 

Сама Канапацкая катэгарычна адмаўляе, што аплачвае працу зборшчыкаў подпісаў. Уся каманда, як запэўнівае экс-дэпутатка, працуе добраахвотна.

Дарэчы, пасля прэзідэнцкай кампаніі 2015 года адзін з актывістаў кампаніі Таццяны Караткевіч таксама вінаваціў яе ў фальсіфікацыях з подпісамі. Яраслаў Берніковіч казаў, што ў Мінску сабралі толькі 14 тысяч подпісаў, а ў ЦВК агулам падалі 55 тысяч. Тым не менш Караткевіч была зарэгістраваная кандыдаткай у прэзідэнты. Сама Караткевіч тады назвала словы Берніковіча "бруднымі гульнямі". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі