"Ноч музеяў": культурны адпачынак у спартовай гонцы
У ноч з 17 на 18 траўня 120 беларускіх музеяў далучыліся да сусветнай акцыі. Еўрарадыё прабеглася па некаторых з іх.
Выбіраемся на "Ноч музеяў". Запасаемся парасонамі, бо надвор'е ў сталіцы выдалася не самае спрыяльнае, ды складаем спіс "музейных" івэнтаў, да якіх варта дайсці. Пад моцную залеву спускаемся да літаратурнага музею імя Янкі Купалы. Яму праз колькі дзён — 70 гадоў. З гэтай нагоды ў 19:40 там запускаюць ў неба паветраныя шары. А музей на адну ноч пераўтвараецца ў Купала-лэнд.
Купала-лэнд уключае ў сябе хэнд-мэйд-кірмаш, зону, дзе вучаць танцаваць сальсу. На парозе музея размясцілася сцэна, дзе выступаюць калектыў "Адлюстраванні", гурты Rahis, HandmadE, Re1ikt, Znarock і іншыя. Яшчэ тут можна атрымаць свой унікальны радавод, пагуляць у настольныя гульні. Праўда, радавод і гульні мы пакідаем на наступны раз і рушым у галерэю Савіцкага — там танчаць вальс і грае Clover Club.
Ну і, натуральна, можна нетаропка разгледзець экспазіцыю, якую прапануе галерэя: выстава прац Аляксандра Ісачова і Алега Арлова.
"Гэта магчымасць наведаць музеі і магчымасць убачыць новыя працы, — кажа Яна, якая на "Ночы музеяў" упершыню. — Верагодна, у звычайным, паўсядзённым жыцці не выберашся паглядзець нейкія экспазіцыі. А "Ноч музеяў" дае магчымасць да гэтага дакрануцца, даведацца штосьці новае і акунуцца ў атмасферу чараўніцтва".
Паглядзеўшы на вальсы і зачапіўшы песню Clover Club, сядаем перакусіць і заадно паглядзець чарговы хакейны матч. Вакол шчаслівыя беларускія заўзятары — наша каманда сёння перамагла Германію, бясконцая плынь людзей, якія сноўдаюць паміж музеямі, намагаючыся паўсюль паспець.
Праўда, паўсюль паспець немагчыма. Таму мы ўскокваем ў "сотку" і бяжым у лядовую арэну "Юнацтва" на прэм'еру хакейнай оперы "0:1". На лёдзе аркестр ды цёпла апрануты хор. У цэнтры — пакуты музыкі-скрыпача, які нарадзіўся ў сям'і хакеістаў, і якому трэба выратаваць каманду братоў, што ён і робіць, забіўшы пераможную шайбу ў браму саперніка. У зале, на чвэрць запоўненай, смех — опера камічная з налётам рэальнага "сюру". Пра тое, як можна выжыць творцу ў атмасферы татальнага хакея, якім цяпер апантаны наш горад.
Лядовую арэну сёння арандуе музей Азгура. Пасля оперы наведвальнікі будуць грэцца, катаючыся на каньках пад гукі жывога сімфанічнага аркестра. Мы ж збягаем — на парозе Нацыянальнага мастацкага музея ў 23.00 пачынае выступ "Сребряная свадьба".
Пакуль ідзем угару па вуліцы Маркса, параўноўваем сённяшнюю ноч з начамі Рыма, горада-музея, дзе ўсю ноч можна гуляць, тусіць ля фантана дэ Трэві ды Іспанскай лесвіцы. Мінск — вясновы і цёплы (асабліва пасля холаду лядовай арэны), сёння ўначы актыўны, жвавы і добразычлівы, сапраўды еўрапейскі.
Ля мастацкага музею круцяцца каляровыя колы вясёлага ровара з інсталяцыямі прац знакамітага беларуса Хаіма Суціна. На парозе музея "Серебряная свадьба" знаёміць мінчукоў і гасцей сталіцы з асаблівасцямі французскага і нямецкага кабарэ. Неверагодны натоўп вакол музею і чарга кажуць за сябе: беларусы прагнуць быць культурнымі.
"Я танцорка. Я сёння танцавала ў розных музеях, і мне спадабалася розная атмасфера ў кожным музеі, — кажа Вольга, якая пасля працоўнага дня танчыць пад "Серебряную свадьбу". — Мы бачым сёння шмат розных людзей, якія адстойваюць агромістыя чэргі, каб трапіць туды. Крыху сумна, што кожны дзень няма такіх чэргаў, хаця, магчыма, гэтага і не трэба. Адчуванні ад свята ў гэтым годзе мне спадабаліся — вельмі шмат добразычлівых людзей".
Натуральна, што не толькі "добразычлівыя" трапляюць ў натоўп. На расповед Бенькі пра "харчовы ланцужок" можна было чуць уздыхі кшталту "какой бред", і апынацца побач з падпіўшымі фанатамі, якія хацелі, каб нехта іх "здзівіў". Але ўсё ж агульная атмасфера, якая пануе ў горадзе, кажа пра тое, што без міліцэйскіх турнікетаў беларусы могуць адрывацца больш культурна, мяркуе глядач "Ночы музеяў" Сяргей:
"Для мяне ў прыватнасці і, я думаю, для большасці прысутных людзей гэта не частая магчымасць пабываць на масавым мерапрыемстве, якое не з'яўляецца агароджаным. Насамрэч, гэта крута, таму што людзі вучацца і бачаць, што, аказваецца, можна хадзіць на канцэрты не праз браму. Як мы можам заўважыць, тут сабралася, мякка кажучы, нашмат больш народу, чым заўсёды ў Мінску збіраецца ўвечары. І, плюс да ўсяго, дзякуючы Чэмпіянату, мы цяпер маем магчымасць ездзіць на гарадскім транспарце да трох гадзін ночы. Мяркую, што гэта таксама паўплывала на колькасць людзей — гэта крута!"
Сёлетняя, 10-я па ліку для Мінска "Ноч музеяў", безумоўна, увойдзе ў гісторыю. Хацелася б, вядома, каб кошт уваходнага квітка ў музеі падчас акцыі быў мінімальны, каб расклад івэнтаў з'яўляўся хаця б за тыдні 2 да акцыі, і каб арганізатары нешта прыдумалі з даўкай (гэта тычыцца менавіта Нацыянальнага мастацкага музея) і з тым, як усё разумна размеркаваць і не сапсаваць настрой наведвальнікам.
Тэатр "Адлюстраванні" у Купала-лэндзе
А гэта аматары сальсы
У галерэі Савіцкага
Хакейная опера "0:1"