"Серебряная свадьба" аб'явіла пераможцу конкурсу кліпаў на "Adieu, la tête"
І надала відэа маладых мінскіх рэжысёраў Марыі Манаковай і Дзмітрыя Ляўкоўскага статус афіцыйнага!
"Серебряная свадьба" завяршыла конкурс кліпаў на песню "Adieu, la tête!". Пераможцам каманда абрала відэа, знятае маладымі мінскімі рэжысёрамі Марыяй Манаковай і Дзмітрыем Ляўкоўскім.
"Канечне, калі падабаецца песня, тады зусім па-іншаму ставішся да задачы. Мы сядзелі на кухні, слухалі гэтую песню, прапаноўвалі розныя ідэі. І Маша сказала: "А што калі ў прыпеве яны будуць ляцець у космас у кардоннай ракеце?" Пасля гэтага мы пачалі прыдумляць сюжэт", — кажа Дзмітрый.
Кліп у маладых людзей атрымаўся зусім бюджэтным: грошы яны патрацілі хіба што на бус, на якім ехалі на поле, дзе здымалася відэа. Таму 500 долараў, якія аўтары кліпа атрымаюць ад "Серебряной свадьбы", пойдуць на святкаванне перамогі — тым больш што кліп атрымаў статус афіцыйнага! Тое, што застанецца, будзе раздзеленае паміж усімі ўдзельнікамі здымак.
Марыя Манакова і Дзмітрый Ляўкоўскі — студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў, будучыя рэжысёры тэлебачання. Сярод іх прац — кліпы для гуртоў Zui і С.Б.П.Ч.
Усяго ў конкурсе ўзяло ўдзел 17 ролікаў. Сярод пераможцаў таксама кліп, за які галасавалі фэны гурта ў сацыяльных сетках. Яго зрабілі маладыя людзі з G.I.ant Production. Яны таксама атрымаюць прэмію ў 500 долараў.
Фота з сацыяльных сетак