Ноччу гарэла новая ўстаноўка Мазырскага НПЗ
Устаноўку яшчэ не ўвялі ў эксплуатацыю, ідуць пусканаладачныя работы / "Веснік Белнафтахіма"
Мінулай ноччу ратавальнікі выязджалі на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Паведамленне аб пажары паступіла ў 23:41. Узгаранне здарылася пасля "разгерметызацыі фільтра камбінаванай ўстаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў". Гэтую новую ўстаноўку яшчэ не ўвялі ў эксплуатацыю, на ёй яшчэ праводзяцца пусканаладачныя работы, адзначылі ў МНС.
Пажар ліквідаваны, пацярпелых няма. Тэхналагічны працэс прадпрыемства не парушаны. Прычыны пажару выяўляюцца.
Раней дзяржСМІ адзначалі, што "будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў (H-Oil) — самы маштабны праект у інвестыцыйным і вытворчым плане за ўсю гісторыю прадпрыемства". Кошт праекта ацэньвалі ў $1,4 млрд. Сцвярджалася, што "пасля таго, як Мазырскі НПЗ завершыць праект мадэрнізацыі і запусціць комплекс H-Oil, прадпрыемства павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.