Новаму чэмпіёну свету па штанзе Стральцову раней раілі завязваць са спортам
У ноч з чацвярга на пятніцу, 27 кастрычніка, Беларусь атрымала новага чэмпіёна свету па цяжкай атлетыцы. 29-гадовы Вадзім Стральцоў, пра якога мала хто ведаў раней, перамог упэўнена, падняўшы ў суме 405 кг.
Да гэтага магілёўскі штангіст браў медаль на міжнародным старце толькі ў далёкім 2007 годзе. Спаборніцтвы праходзілі ў Тайландзе, Стральцоў здабыў бронзу. За восем безмедальных гадоў атлет не страціў веры ў сябе і працягваў ісці да жаданай мэты.
“Ён узяў сваёй напорыстасцю. У яго была мэта. Па настроі было відаць, што ён хоча стаць прызёрам. Але наперад хваліцца ён не любіць”, — згадвае апошнюю тэлефонную гутарку са Стральцовым яго цётка Святлана Іванаўна, настаўніца з аграгарадка Баронькі Магілёўскай вобласці.
Сваячка расказала, што пляменнік часам падоўгу залечваў траўмы, але, нягледзячы на гэта, імкнуўся захаваць сваё месца ў зборнай.
“Колькі разоў яму ўжо казалі: “Завязвай!” Многія ў яго не верылі. Былі некаторыя праблемы з тэхнікай: чалавек вельмі дужы, а штанга не фіксавалася. А ён адчуваў, што можа, застаўся, перацярпеў… Трэніруецца па асаблівай схеме, спадзяецца на свае сілы. Чалавек вельмі мэтанакіраваны”, — радуецца за калегу Андрэй Арамнаў, алімпійскі чэмпіён Пекіна.
Сябры, знаёмыя і сваякі апісваюць Вадзіма Стральцова як “добрага, спакойнага і разважлівага чалавека”. Яго верай у перамогу і напорыстасцю сёння многія захапляюцца.
“Насамрэч дома ён заўсёды добра падымаў. Але на міжнародных стартах то не супадала, то проста не перла… Калена ў яго балела, доўга не трэніраваўся ўвогуле. Але ў чалавека было імкненне — і вось дасягнуў свайго”, — кажа пра сябра і земляка Андрэй Рыбакоў, двухразовы прызёр Алімпіяд і чэмпіён свету.
Вадзіма Стральцова апісваюць як сямейнага чалавека. Атлет не выстаўляе напаказ асабістае жыццё, а згадак пра яго ў СМІ практычна няма.
Фота Сіньхуа - БелТА, pressball.by і з архіву Вадзіма Стральцова