Раней мы паведамлялі пра перабоі з доступам да вакцыны ў мінскіх паліклініках. Тады нам сказалі, што “Хеаліў” — гэта другая вакцына, якую можна атрымаць у сталіцы.
У адказе Еўрарадыё кампанія SINOVAC паведаміла, што пастаўляе вакцыны супраць гепатыту А ў Беларусь ужо больш за 7 гадоў, а наступная партыя запланаваная ў наступным месяцы.
“SINOVAC высока шануе гэты рынак і здароўе беларускага народа, заўсёды актыўна рэагуе на попыт беларускага рынку.
Да гэтага часу нашыя пастаўкі ў Беларусь і супрацоўніцтва з нашым мясцовым партнёрам ідуць добра і стабільна. Мы плануем даставіць новую партыю ў Беларусь у лістападзе ў адпаведнасці з мясцовым попытам.
SINOVAC з'яўляецца адзіным пастаўшчыком вакцын супраць гепатыту А для ЮНІСЕФ на працягу многіх гадоў. Мы здольныя задаволіць патрэбы Беларусі ў любы час з гадавой магутнасцю вакцыны супраць гепатыту А ў 20 мільёнаў доз”, — адказалі ў кампаніі.
Таксама ў Беларусі была даступная вакцына ад гепатыту А ад брытанскай кампаніі GSK, якая пастаўляла прэпарат “Хаўрыкс”. Як раней паведамляла Еўрарадыё, новая партыя брытанскай вакцыны можа быць пастаўленая толькі ў рамках тэндара.
“GSK пастаўляла гэтую вакцыну ў 2022 і 2023 гадах у рамках тэндараў. Будучыя пастаўкі залежаць ад вынікаў тэндара”, — паведамілі ў кампаніі GSK.
Нагадаем, асноўныя захады прафілактыкі супраць гепатыта А гэта: добра мыць рукі, глядзець, якой вадою вы карыстаецеся, і, вядома, вакцынавацца.