Захворванне на гепатыт А ў Беларусі сёлета павялічылася ў 7,5 разу

Вакцынацыя, ілюстрацыйнае фота

Вакцынацыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Захворванне на гепатыт А ў Беларусі ў 2024 годзе ў параўнанні з 2023-м павялічылася ў сем з паловай разоў, звяртае ўвагу тг-канал "Белыя халаты". Адпаведная статыстыка была агучаная на міжнародным кангрэсе "Інфекцыйныя хваробы, мікрабіялогія і імуналогія", які прайшоў нядаўна.

Прафесар Тамара Амвросьева ў сваім дакладзе паведаміла, што ў 2023 годзе захворванне на гепатыт А ў краіне складала 0,89 выпадку на 100 тысяч насельніцтва, а за 6 месяцаў 2024-га гэты паказчык вырас да 6,6 выпадку на 100 тысяч чалавек.

Вірусны гепатыт А ў Беларусі апошнія 15 гадоў лічыўся малараспаўсюджанай інфекцыяў. У 2010 годзе паказчык захворвання быў максімальным і складаў 1,78 выпадку на 100 тысяч насельніцтва, а ў 2020-м — 0,51 на 100 тысяч насельніцтва, у 2021-м — 0,24 на 100 тысяч насельніцтва, у 2022-м — 0,35 на 100 тысяч.

Зыходзячы з афіцыйнай колькасці насельніцтва Беларусі (9 155 978 чалавек), атрымліваецца, што за першае паўгоддзе 2024-га было зарэгістравана 605 выпадкаў захворвання. Пры гэтым рост захворвання адзначаецца ва ўсіх рэгіёнах.

Мінздароўя казала пра ўспышку гепатыту А яшчэ ў лютым. Таксама ў той жа час у Латвіі заявілі пра выпадкі гепатыту А, прывезеныя з Беларусі.

У дакладзе Амвросьевай паведамляецца, што выпадкі захворвання на гепатыт А зафіксаваныя ў больш як 50 раёнах, усе хворыя былі непрышчэпленымі. Хварэлі пераважна дарослыя — людзі ва ўзросце 18-39 гадоў.

Паводле прагнозаў Амвросьевай да канца года паказчык захворвання можа перавысіць 10 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта значыць, што будзе зарэгістравана больш за 900 выпадкаў.

У Беларусі вакцынацыя ад віруснага гепатыту А не з'яўляецца абавязковай, а ўваходзіць у пералік прафілактычных прышчэпак па эпідэмічных паказаннях (пасля кантакту з хворым). У Мінску бясплатную вакцынацыю ад віруснага гепатыту А робяць дзецям ва ўзросце 18 і 24 месяцаў, закупка вакцын робіцца за кошт гарадскога бюджэту.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі