Новы гістарычны музей пабудуюць на месцы парку "Дрымлэнд"
Перад музеем плануюць усталяваць статую пад назвай "Беларусь адзіная"
Новы гістарычны музей Беларусі пабудуюць на тэрыторыі, дзе раней размяшчаўся парк "Дрымлэнд", піша БЕЛТА. Якім быць гэтаму музею сёння абмяркоўваюць у Аляксандра Лукашэнкі. Яму прынеслі праект будынка і канцэпцыю экспазіцыі. Паведамляецца, што будынак будзе паўтараць контуры карты Беларусі. А перад музеем уладкуюць плошчу са скульптурай, якую назвалі "Беларусь адзіная".
Што тычыцца экспазіцыі, то Лукашэнка запатрабаваў, каб у ёй не было "ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перахлёсту". Паводле ягоных слоў, павінен быць "аб'ектыўны погляд на нашу гісторыю, каб не толькі беларусы, але і іншыя народы маглі пагадзіцца з яе трактоўкай або, ва ўсякім выпадку, не маглі адкінуць або адмаўляць яе". Ён таксама запатрабаваў, каб у экспазіцыі не было "ніякай палітызацыі, ніякага "Ура!" у дачыненні да там Лукашэнкі, Пятровых, Сідаравых, якія нібыта вяршылі гісторыю, а народа пры гэтым не відаць".
Нагадаем, пасля выбараў 2020 года і задушэння пратэстаў у Беларусі пачаліся масавыя ганенні на гісторыкаў і нават экскурсаводаў, ідзе актыўны перагляд беларускай гісторыі. Чыноўнікі даюць справаздачу аб выпуску сумесных падручнікаў па гісторыі з Расіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.