Новы корпус рэактара прывезлі на АЭС у Астравецкім раёне
Новы корпус рэактара прывезлі на будаўнічую пляцоўку АЭС у Астравецкім раёне. Адбылося гэта познім вечарам 28 снежня, інфармуе БЕЛТА.
Вага корпуса складае больш за 330 тон, вышыня — 13 метраў, дыяметр — 4,5 метра. З Расіі яго везлі па чыгунцы. У ноч з 25 на 26 снежня на адной з станцый у Талачынскім раёне падчас транспарціроўкі была закранутая апора кантактнай сеткі (сцвярджаецца, што да яе дакрануўся ахоўны металічны транспартны кажух). Прэс-служба Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Беларуская атамная электрастанцыя" заявіла, што з-за гэтага новы корпус рэактара беларускай АЭС пройдзе тэхнічную экспертызу.
Беларусь запатрабавала ў расійскага боку замяніць прывезены год таму першы корпус рэактара пасля здарэння, якое адбылося на будаўнічай пляцоўцы АЭС у ліпені 2016-га. Тады шматтонная металічная канструкцыя "саслізнула на грунт" з вышыні некалькіх метраў. Сцвярджалася, што пашкоджанняў на корпусе не было, але беларускі бок зажадаў яго замяніць на новы.