Нядобрасумленныя прадаўцы маскітных сетак могуць трапіць пад следства
У Беларусі нядобрасумленныя прадаўцы маскітных сетак могуць трапіць пад следства. Калі будзе ўстаноўлена, што іх дзеянні знаходзяцца ў непасрэднай прычыннай сувязі з гібеллю дзяцей. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Аляксандр Канюк. Ён пракаментаваў шматлікія выпадкі выпадзення дзяцей з вокнаў дамоў у розных рэгіёнах нашай краіны.
Паводле слоў Канюка, гэтую тэму Генпракуратура абмяркоўвала са Следчым камітэтам. Адзначаецца, што пракуроры выносяць папярэджанні прадаўцам маскітных сетак, праводзяць з імі прафілактычныя гутаркі.
"Факт гібелі дзіцяці, калі ён знаходзіцца ў непасрэднай прычыннай сувязі, — гэта крымінальная справа. Пакуль такіх крымінальных спраў няма, але ўсё да гэтага ідзе", — цытуе словы Аляксандра Канюка БЕЛТА. Паводле яго слоў, маскітныя сеткі рэкламуюцца як надзейныя, "але нават маленькі чалавек здольны прабіць гэтую сетку, яна трымаецца на адных словах".
У той жа час Канюк згадвае і бесклапотнасць бацькоў у выпадках, калі дзеці выпадалі з вокнаў.