Генпракурор: Некаторыя чыноўнікі страцілі інстынкт самазахавання

Генпракурор: Некаторыя чыноўнікі страцілі інстынкт самазахавання

У Беларусі некаторыя чыноўнікі не толькі забыліся пра маральныя нормы, але і страцілі інстынкт самазахавання. Такую заяву на пазачарговым пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама зрабіў генпракурор Аляксандр Канюк. Ён перасцярог прысутных аб недапушчальнасці карупцыі. Якраз пытанням барацьбы з карупцыяй у органах мясцовага кіравання і было прысвечанае мерапрыемства. Разам з Канюком на яго прыехалі са сталіцы кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава і старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

У сваёй прамове генпракурор адзначыў, што не ўсе кіраўнікі ў рэгіёнах правільна разумеюць патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі па барацьбе з карупцыяй. У выніку некаторыя самі становяцца карупцыянерамі, іншыя не прымаюць належных захадаў па недапушчэнні карупцыі. А яна, кажа Аляксандр Канюк, расце ў сферы эканамічных дачыненняў, пры правядзенні тых жа закупак. А гэта прыводзіць да неэфектыўнага, неэканомнага выкарыстання бюджэтных грашовых сродкаў.

"Устаноўлены факты неабгрунтаванага абмежавання доступу да ўдзелу ў працэдурах закупак, маніпулявання конкурснымі дакументамі, неаб'ектыўнай ацэнкі прапановаў, якія паступілі, — цытуе словы Канюка прэс-служба Генпракуратуры. — Пры гэтым значная частка такіх парушэнняў звязана з карупцыйнымі і іншымі правапарушэннямі".

На пасяджэнні была агучана яшчэ адна праблема — пратэрмінаваная дэбітарская запазычанасць у 563 прадпрыемстваў рэгіёна. З пачатку 2018 года яна павялічылася на 19%. Аляксандр Канюк бачыць прычыну такой сітуацыі ў жаданні кіраўнікоў любымі спосабамі разгрузіць склады прадпрыемстваў — адпраўлялі тавары ў замежжа без перадаплаты. У выніку ўзніклі значныя страты, якія, магчыма, гэтым дырэктарам у будучыні давядзецца кампенсаваць з уласнай кішэні, сказаў генпракурор.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 05.12:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі