Някляеў: Прысуд Гайдукову — сігнал з Мінска Захаду

Такое меркаванне лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў выказаў у размове з Еўрарадыё.


Някляеў: “І прысуд Гайдукову, і тое, што зараз ізноў Парфянкову (былому палітвязню — Еўрарадыё) хочуць дадаць 1,5 гады — гэта дэманстрацыя на не надта гучных імёнах, не надта гучных справах таго, што, маўляў, мы тут будзем самі вырашаць як і над кім вяршыць суд. І ніякія ціскі з Захаду, ніякія пернікі і пугі на нас не будуць уздзейнічаць”.


Па словах палітыка, апошнім часам спецслужбы ды праваахоўныя органы дзейнічаюць менавіта такім чынам — спачатку арыштоўваюць чалавека, а потым пачынаюць шукаць у чым яго абвінаваціць. Не знаходзяць і прыдумляюць такі артыкул, з якога незразумела, ці было здзейснена злачынства і ў чым яно заключаецца.


Нагадаем, наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова, якога ад пачатку абвінавачвалі ў здрадзе радзіме, 1 ліпеня асудзілі на 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму за “спробу ўстанаўлення кантактаў з супрацоўнікам замежнай спецслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве”.

Фота — svaboda.org, tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі