Някляеў: З грашовым пытаннем да еўрапалітыкаў цяпер лепш нават не лезці

Еўрарадыё: Што канкрэтна абмяркоўвалася падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім?

Уладзімір Някляеў: Выглядае на тое, што на саміце Усходняга партнёрства Беларусь не будзе найпершым пытаннем. Бо ўзніклі Украіна і Малдова — падпісанне імі дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Я даводзіў міністру, што мы гэта разумеем, але Беларусь не можа сысці з парадку дня гэтага саміта. І тут апынулася, што разуменне гэтага пытання ў Варшаве ёсць. І нават у гэты няпросты час Польшча хоча захаваць лідарскія пазіцыі ў адносінах з Беларуссю. Таму міністр з намі пагадзіўся. Ну, і абмяркоўваўся фармат удзелу беларускага боку ў саміце. Першы варыянт, на жаль, малаверагодны: Лукашэнка вызваляе ўсіх палітзняволеных, запрашэнне атрымлівае афіцыйны Мінск. Другі варыянт: вызвалення не адбываецца, Мінск запрашэння не мае.

Еўрарадыё: Але ў Еўрасаюзе старшынствуе Літва, яна ж будзе праводзіць саміт Усходняга партнёрства, чаму на гэту тэму вы размаўлялі з польскім міністрам замежных спраў, а не з літоўскім?

Уладзімір Някляеў: У мяне гэта першы выезд за мяжу. Не мог жа я ў Варшаве гаварыць з літоўцамі?! Калі прыеду ў Вільню, буду пра гэта размаўляць з Лінкявічусам. Проста, геаграфічна выйшла так, што я першым гаварыў пра гэта з Сікорскім.

Еўрарадыё: Выглядае на тое, што пра Усходняе партнёрства з Сікорскім гаварылі “між іншым”, а сапраўдная мэта візіту была іншая. Якая?

Уладзімір Някляеў: Ну, і гэта тэма была не апошняя! Проста там абмяркоўваліся дэталі, пра якія дамовіліся захаваць канфідэнцыйнасць. Але Польшчу цікавіць тое, што адбываецца ў апазіцыі, падзяленні, новыя, нібыта, кааліцыі. Палітыкі Еўрасаюза даўно заклапочаныя адзінствам у апазіцыі Беларусі. З узнікненнем кааліцый, дзе адна аб’яднаная на платформе “Народнага рэферэндума”, а другая на платформе “Свабодныя выбары дзеля лепшага жыцця”, узнікла ўражанне, што гэта новы падзел. Я растлумачыў, што не бачу нічога негатыўнага. Наадварот, гэта пазітыўны працэс, калі палітычныя структуры аб’ядноўваюцца на адпаведных платформах. Гэта павінна было рабіцца ў апазіцыі раней. І няма ў нас на гэтым этапе ніякіх супярэчнасцяў, якія былі б непераадольныя. І яны, і мы за свабодныя выбары дзеля лепшага жыцця. Праграма “За свабодныя выбары” спакойна ўпісваецца ў “Народны рэферэндум”. А каб было бачна, ці ёсць з таго боку нейкія праблемы, я прапанаваў міністру пасля нас запрасіць у Варшаву прадстаўнікоў другой кааліцыйнай талакі. Ён здзівіўся, што я так паклапаціўся пра сваіх апанентаў, відаць, так яны і зробяць. Прапанаваў я гэта не дзеля нейкай паліткарэктнасці, сапраўды, можам працаваць разам.

Еўрарадыё: Усе ведаюць чаму лідары апазіцыі ездзяць за мяжу — прасіць ці забіраць раней выпрашаныя грошы… У Сікорскага на гэтую тэму гаварылі?

Уладзімір Някляеў: Пасля выбараў 2010 году, у сувязі з крызісам у Еўрасаюзе, з гэтай тэмай да еўрапейскіх палітыкаў лепш не лезці. Я сустракаўся яшчэ з адным спецыялістам, які выказаў тую думку, якая пануе цяпер у палітычным асяродку: усе магчымыя варыянты з Беларуссю былі скарыстаныя: і варыянт перніка, і варыянт пугі. Што цяпер рабіць, невядома. Таму праца фондаў і усялякіх фундацый спыненая.

І пытаўся ў таго ж Сікорскага, што вы маеце на ўвазе пад пернікам? Былі ў нас нейкія 9 мільярдаў для Беларусі ад ЕС, але яны як пачаліся, так і зніклі. Цяпер прапановы Еўрасаюза носяць рытуальны характар, яны не такія, як былі, да прыкладу, для Балканскіх краін. І прапанаваў рабіць нейкія канкрэтныя крокі. Не грошы даваць нашым уладам, а зрабіць візы для беларусаў бясплатнымі. Я разумею, што палітычна гэта складна, дамовіцца ўсім краінам Еўрасаюза, што беларусы будуць атрымліваць шэнгенскія візы бясплатна. Але ж пра гэта дамовіцца лягчэй, чым наконт нейкіх сур’ёзных эканамічных санкцый! Калі з боку ЕС крок значыў бы больш для апазіцыі, чым нейкія гранты.

Еўрарадыё: І што адказаў на гэта Сікорскі?

Уладзімір Някляеў: Ён ўспрыняў гэтую ідэю “за”. Ёсць прыхільнікі гэтага, і ён сказаў, што будзе ў Брусэлі раіцца, як падыйсці да вырашэння пытання.

Еўрарадыё: У вас запланаваны цэлы замежна-дыпламатычны тур?

Уладзімір Някляеў: Ёсць такое. Але ж я планую, а...

Еўрарадыё: Ці цікавіўся Сікорскі вашымі планамі на 2015 год?

Уладзімір Някляеў: Цікавіўся. Увогуле, 2015 год вельмі падрабязна абмяркоўваўся. Бо розныя ўзнікаюць сцэнарыі. Абмяркоўваліся не проста выбары, а выбары ў сувязі з падпісаннем дамовы пра Еўразійскі саюз. Дамова гэтая пад вялікім пытаннем: застаўся адзін “падпісант” — Пуцін, і яму абсалютна неабходны Лукашэнка. Таму ж патрэбныя гарантыі, а тут усе гэтыя скандалы. Вымалёўваецца даволі складная палітычная сітуацыя.

Еўрарадыё: Цікавіліся палякі сітуацыяй з “Уралкаліем”?

Уладзімір Някляеў: Безумоўна, яны хочуць разабрацца з тым, што адбылося.

Еўрарадыё: Пра свае асабістыя планы на 2015 год вы палякам, можа, больш канкрэтна сказалі, чым нам?

Уладзімір Някляеў: Я ім сказаў тое ж, што казаў дома — калі будзе патрэба ў маім удзеле ў выбарах у якасці кандыдата, то я гэтай патрэбай скарыстаюся. А калі яе не будзе, то… Мы усё ж такі збіраемся неяк выйсці на адзінага кандыдата. Я паабяцаў, што гэта не буду публічна абмяркоўваць. Але такая праца ў апазіцыі вядзецца.

Еўрарадыё: Лідары апазіцыі ездзяць па замежжы, з кімсьці пра нешта гавораць, выступаюць, інфармуюць, а ці зможаце вы па выніках гэтай паездкі праз пэўны час сказаць: “Вось, я ездзіў і вы ўсе з гэтага маеце тое і тое”?

Уладзімір Някляеў: Я ж не дарэмна раней прыгадаў пра выбары 2010 года і 9 мільярдаў долараў для Беларусі. У той час я ім там казаў, што палітыка нечага павінна каштаваць, палітыка інтэграцыі ў Еўропу Беларусі. І тады ў Бруселі адказныя за гэта людзі і вызначылі — першы транш у выпадку, калі Беларусь прымае праграму збліжэння – гэтыя 9 мільярдаў долараў. А далей адбылася Плошча.

Але я не люблю весці доўгія размовы пра дэмакратызацыю і правы чалавека. Вось і цяпер, няўжо, калі візы стануць бясплатнымі, гэта не практычныя рэчы? Гэта тыя размовы, якія простыя людзі разумеюць, калі кажуць пра магчымасць паехаць за мяжу і набыць там таннейшыя прадукты ці нейкія рэчы.

Фота: Змітра Лукашука, http://www.msz.gov.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі