Няма офіса ― няма партыі? Як выжываюць апазіцыйныя структуры

Няма офіса ― няма партыі? Як выжываюць апазіцыйныя структуры

У сталічнай сядзібе партыі БНФ з-за камунальных запазычанасцяў адключанае святло. Кіраўніцва партыі вырашыла часова зачыніць офіс. Рух “За свабоду” з-за фінансавых цяжкасцей не здолеў працягнуць арэнду свайго офіса і пакуль працуе без памяшкання. А Ліберальна-дэмакратычная партыя на мінулым тыдні адчыніла новыя офісы ― у Пінску і Магілёве. За якія сродкі жывуць палітычныя партыі?

Фінансавыя праблемы ў партыі існуюць даўно, шчыра прызнаецца намеснік старшыні ПБНФ Рыгор Кастусёў. Але менавіта сёлета тыя праблемы павялічыліся: камунальныя паслугі падаражэлі, а зіма зацягнулася. Як вынік ― запазычанасць па аплаце камуналкі дасягнула трох тысяч рублёў. Кастусёў спадзяецца, што ў бліжэйшы час ўсё атрымаецца выплаціць. Якім чынам? З дапамогай ахвяраванняў. Бо партыйных унёскаў у ПБНФ не збіраюць.

Кастусёў: “Мы ўсё называем ахвяраваннямі. І фінансавую дапамогу сяброў партыі, і дапамога не сяброў партыі, і дапамога іншых людзей, якія… станоўча ставяцца да Партыі БНФ і робяць пэўныя крокі да дапамогі ў фінансавым плане”.

Няма офіса ― няма партыі? Як выжываюць апазіцыйныя структуры
Рыгор Кастусёў, фота Алеся Пілецкага

На такіх ахвяравальнікаў, кажа Кастусёў, уся надзея. Для іх нават адмысловы дабрачынны рахунак стварылі.

Працаваць без офіса Рух “За свабоду” будзе як мінімум тры месяцы. Цяпер актыўна шукаюць новы, больш эканомны па бюджэце, варыянт памяшкання, кажа старшыня руху Юрась Губарэвіч.

Губарэвіч: “Чаму так атрымалася?.. Увесь час даводзіцца існаваць ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў. На жаль, беларускі бізнес не можа адкрыта інвеставаць у арганізацыі, якія з’яўляюцца незалежнымі ад беларускіх уладаў, бо наступствамі гэтага можа быць страта бізнесу. А тых унёскаў, якія робяць нашы сябры, сёння не дастаткова, каб задаволіць усе адміністрацыйныя патрэбы”.

Няма офіса ― няма партыі? Як выжываюць апазіцыйныя структуры
Юрась Губарэвіч, фота Алеся Пілецкага

Як і ў ПБНФ, у Руху “За свабоду” ўнёскі з чальцоў арганізацыі не збіраюць. Таксама ўсе спадзяванні на ахвяраванні сяброў і прыхільнікаў руху, дзе актыўных сяброў налічваецца каля 500 чалавек. Што праўда, ахвяраваць на “адміністрацыйныя патрэбы” могуць далёка не ўсе: у каго і без таго заробак невялікі, а ў каго і ўвогуле працы з-за палітычнай дзейнасці няма, прызнае Губарэвіч.

Выключна на “ахвяраванні” жыве і Аб’яднаная грамадзянская партыя, сцвярджае яе лідар Анатоль Лябедзька. Што праўда, ахвяраванняў тых хапае на ўтрыманне амаль дзесяці партыйных офісаў у рэгіёнах, аплату ўсіх патрэб мінскага офіса і на заробкі мінімальнай колькасці партыйных функцыянераў. Пры тым, што афіцыйна ў АГП ― 3600 чалавек, але актыўных сярод іх ― не больш за 500.

Толькі дзякуючы ахвяраванням прыхільнікаў, упэўнівае Віталь Рымашэўскі, існуе і працуе незарэгістраваная партыя “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”. Ну, як існуе… У Мінску БХД офіса не мае, а, да прыкладу, у Гродне мясцовыя актывісты самастойна знаходзяць грошы на ўтрыманне свайго офіса.

Рымашэўскі: “А ў Мінску арэнда офісаў досыць дарагая. Офіснае памяшканне належных памераў мы зняць не можам, каб пры неабходнасці там можна было змясціць усіх жадаючых. І таму можна сказаць, што мы эканомім сродкі на тым, што мы здымаем памяшканні ў гатэлях. За месяц гэта атрымліваецца нашмат танней, чым здымаць сталы офіс”.

Няма офіса ― няма партыі? Як выжываюць апазіцыйныя структуры
Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька, фота Алеся Пілецкага

Партыі левых “Справядлівы свет” офіснае памяшканне “добрыя людзі далі ў карыстанне”. А патрэбы офіса, як камунальныя, так і адміністрацыйныя, аплачваюцца за кошт партыйных унёскаў, распавядае лідар левых Сяргей Калякін.

Калякін: “У партыі ёсць прапісаны абавязак сяброў партыі плаціць унёскі. Гэта дзве базавыя велічыні ў цэнтральную касу і дзве базавыя велічыні ў касу партыйнай арганізацыі. На сёння выплачваюць партыйныя ўнёскі каля двух тысяч сяброў партыі”.

Але на сур’ёзную партыйную працу грошай амаль не застаецца. І таму, упэўнены Калякін, усе палітычныя партыі, якія на выбарах пераадолеюць нейкі вызначаны бар’ер сабраных галасоў, павінны фінансавацца дзяржавай. Маўляў, гэта пойдзе на карысць не толькі палітычнай сістэме краіны, але і яе нацыянальнай бяспецы.

У той час, пакуль адны партыі страчваюць памяшканні альбо з апошніх сіл змагаюцца за іх захаванне, Ліберальна-дэмакратычная партыя адчыняе ўсё новыя офісы. Вось, хваліцца намеснік старшыні партыі Алег Гайдукевіч, на мінулым тыдні яны адчынілі новыя офісы ў Магілёве і ў Пінску. Агулам цяпер у гэтай партыі каля дзесяці офісаў па краіне. Адкуль грошы?

Гайдукевіч: “Калі ў партыі ёсць людзі ― ёсць офісы, няма людзей ― няма офісаў. Няма офіса ― няма партыі! Дзе офісы ўсіх гэтых праўладных партый кшталту Патрыятычнай партыі, Спартыўнай і іншых? Фікцыя гэта, а не партыі. Давайце скажам праўду: у вас ёсць хаця б дзесяць чалавек аднадумцаў і вы хочаце штодня збірацца і нешта вырашаць. Значыцца, вы знойдзеце для сябе грошы ― скінецеся па дзесяць долараў. У нас толькі добраахвотныя ахвяраванні. Мы не збіраем партыйныя грошы, бо ў нас вельмі складанае падатковае заканадаўства. Калі хочам развіваць партыйную сістэму, то гэта павінна быць спрошчана! Бо партыйныя ўнёскі збярэш, і ў падатковай будзеш даваць справаздачы паўгода”.

Няма офіса ― няма партыі? Як выжываюць апазіцыйныя структуры
Алег Гайдукевіч, фота Алеся Пілецкага

Але, мяркуючы па колькасці і сучаснасці абсталявання ў офісах ЛДП, ахвяруюць на партыю добра. Тым не менш, і Алег Гайдукевіч актыўна выступае за дзяржаўнае фінансаванне партый. Відаць, пра палітычных калег-канкурэнтаў клапоціцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі