Нямецкая сістэма СПА ўжо ва Украіне, NASAMS з ЗША ў дарозе — 231-я раніца вайны
Ва Украіне кажуць аб пачатку новай эры супрацьпаветранай абароны / facebook.com/GeneralStaff.ua
Гэтай ноччу расіяне зноў абстралялі Запарожжа. Па горадзе і прыгарадзе было выпушчана каля сямі ракет з-300, піша кіраўнік абласной адміністрацыі Аляксандр Старух. Паводле яго слоў, "дзве ракеты трапілі ў адзін з раёнаў абласнога цэнтра і, на шчасце, сур'ёзных разбурэнняў не нанеслі". Яшчэ пяць ракет прыляцелі ў прыгарад. Тры з іх ўпалі ў адным з сел: часткова разбураны жылы дом, з-пад завалаў выратавальнікі дасталі тры чалавекі. Ахвяр, на шчасце, няма. Яшчэ дзве ракеты ўпалі ў полі каля іншай вёскі.
Пад абстрэламі гэтай ноччу былі і Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці. Па словах кіраўніка абласной адміністрацыі Валянціна Разнічэнка, праціўнік "сем разоў накрыў раён агнём з "Градаў" і цяжкай артылерыі". Па Нікапалю выпусцілі больш за 100 снарадаў. Адзін з іх трапіў у прыватны дом. Параненая 6-гадовая дзяўчынка і яе мама. "Яны і яшчэ адна пацярпелая з-за атакі жанчына цяпер у бальніцы. Цяжкія", піша ў Telegram Разнічэнка.
За два дні масіраваных удараў па тэрыторыі Украіны расійскія войскі пашкодзілі прыкладна 30% энергетычнай інфраструктуры краіны, заявіў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка. Яго словы прыводзіць CNN. Расіяне ўпершыню з пачатку вайны абстралялі ўкраінскія аб'екты энергетыкі ў тым ліку і таму, што экспарт ўкраінскай электраэнергіі дапамагаў еўрапейскім краінам эканоміць на расійскіх энергарэсурсах, лічыць міністр. Галушчанка запэўніў, што энергасістэма ўсё яшчэ стабільная, але заклікаў партнёраў дапамагчы з сістэмамі супрацьпаветранай абароны.
Між тым абяцаная на днях нямецкая СПА IRIS-T ўжо ва Украіне. Таксама чакаецца прыбыццё амерыканскіх зенітных ракетных комплексаў NASAMS. Пра гэта паведаміў у Twitter украінскі міністр абароны Аляксей Рэзнікаў.
"Ва Украіне пачалася новая эра супрацьпаветранай абароны. IRIS-T з Германіі ўжо тут. Амерыканскія NASAMS ў дарозе. Гэта толькі пачатак", — напісаў ён. Пры гэтым міністр адзначыў, што Украіне трэба больш такіх сістэм. Spiegel адзначае, што пакуль у Кіеў даставілі адну IRIS-T. Усяго іх будзе чатыры.
Акрамя таго Германія афіцыйна заявіла, што ў супрацоўніцтве з Даніяй і Нарвегіяй перадасць Украіне 16 самаходных артылерыйскіх установак Zuzana. Пра гэта гаворыцца на сайце нямецкага ўрада. Акрамя гаўбіц, Украіна атрымае ад Германіі 130 палявых абагравальнікаў і 36 аўтамабіляў хуткай дапамогі.
Масіраваны ракетны абстрэл Украіны быў запланаваны да прызначэння Сяргея Суравікіна новым камандуючым расійскімі войскамі на вайне. Гэтыя ўдары ажыццявілі, каб рэабілітаваць ўспрыманне Міністэрства абароны Расіі, паправіць яго імідж. Такое меркаванне выказалі эксперты з Інстытута вывучэння вайны (ISW). Пры гэтым эксперты лічаць, што прызначэнне Суравікіна, які раней камандаваў Узброенымі Сіламі Расіі ў Сірыі, не прывядзе да далейшай "сірыанізацыі" расійскіх аперацый ва Украіне. Баявая прастора ва Украіне адрозніваецца ад сірыйскай. Расія не можа дамагчыся тут перавагі ў паветры, а значыць не можа пачаць масіраваныя кампаніі дывановых бамбаванняў. "Таму вельмі малаверагодна, што роля Суравікіна ў якасці камандуючага тэатрам ваенных дзеянняў прывядзе да фундаментальных зменаў у расійскіх паветраных і ракетных аперацыях на Украіне", пакуль заходнія партнёры дапамагаюць Кіеву са сродкамі СПА, лічаць у Інстытуце.
На фронце, паводле ацэнак экспертаў Інстытута, украінскія сілы працягвалі ўчора праводзіць контрнаступленні на ўсход ад ракі Аскол і ў напрамку Крэменная-Сватава. УСУ таксама працягвалі наземныя атакі на поўначы і захадзе Херсонскай вобласці. Расійскія войскі са свайго боку спрабавалі атакаваць ў Данецкай вобласці. Паводле паведамленняў украінскага Генштаба, за мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны "адбівалі атакі акупантаў у раёнах Мікалаеўкі, Саледара, Бахмуцка, Бахмута, Маёрска, Першамайска і Краснагораўкі".
Украінская выведка атрымала заданне ўсталяваць усіх, хто ўцягнуты ў ракетныя атакі супраць Украіны і ў схемы з іранскімі дронамі. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным вечаровым звароце.
Ён падкрэсліў, што для датычных да тэрору ёсць індывідуальная адказнасць гэтак жа, як і адказнасць дзяржавы-тэрарыста. "Працуем дзеля гэтага [...] Дзяржава-тэрарыст павінна быць пазбаўлена нават думкі аб тым, што любы хваляй тэрору можа чаго-небудзь дасягнуць", — заявіў Зяленскі.
Кур'ёзная гісторыя адбылася з відэакамерай назірання, якую адзін з расійскіх вайскоўцаў прыхапіў з сабой з Украіны. Ён забраў яе з дома жыхароў Лімана, але, відавочна, па няведанні не стаў пераналаджваць. І цяпер камера вядзе трансляцыю ва Украіну з дома байца ў Бураціі. Гісторыю распавёў украінскі блогер Ян Гардзіенка.
Па яго словах, гэтая камера стаяла ў доме яго сяброў. Дом быў абрабаваны, забралі ў тым ліку і камеры вонкавага відэаназірання. Аднак 10 кастрычніка камеры зноў пачалі онлайн-трансляцыю прама з хаты ў Бураціі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.