Нямецкія навукоўцы назвалі карысную дозу алкаголю, і яна вас здзівіць: #ІхНоравы
Агляд міжнародных навін за 19 жніўня 2024 года.
Легенду сусветнага кіно, сэкс-сімвала і куміра многіх пакаленняў Алена Дэлона дагнала смерць. Нямецкія навукоўцы рызыкнулі заявіць, што адна даўняя нямецкая традыцыя не абяцае нічога добрага. Аматары падарожжаў падлічваюць выгады ад спецыяльнай прапановы аднаго з лаўкостаў, каб за 600 еўра паспець абляцець паўсвету.
Пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
Памёр Ален Дэлон
Знакаміты акцёр, секс-сімвал кіно 60-х гадоў XX стагоддзя і гонар Францыі, пайшоў з жыцця ў 88 гадоў. У заяве, якую распаўсюдзіла сям'я, сказана, што ён "мірна памёр у сваім доме, у атачэнні дзяцей Анушкі, Энтані, Ален-Фаб'ена і любімага сабакі Лубо".
Алена Дэлона ў апошнія гады падводзіла здароўе. У 2019 годзе ён перанёс інсульт. Пару гадоў таму зорка кіно ці то жартам, ці то ўсур'ёз сказала, што марыць пра эўтаназію, каб "зваліць к чорту па-ціхаму, без бальніц, уколаў і іншага".
У пачатку 2024 года яго справамі паводле рашэння суда займаўся прызначаны агент, бо сам акцёр ужо быў не ў стане прымаць рашэнні што да пытанняў кіравання выдаткамі, маёмасцю і медыцынскімі справамі.
Імя Алена Дэлона назаўжды ўвайшло ў гісторыю французскага і сусветнага кіно. Мабыць, варта перагледзець фільмы з яго ўдзелам — "На яркім сонцы" (1960), "Рока і яго браты" (1960), "Чорны цюльпан" (1964), "Шукальнікі прыгодаў" (1967), "Зора" (1974).
"Ёсць дзве рэчы, якія я лічу сваёй спадчынай: мая акцёрская кар'ера і мая калекцыя твораў мастацтва. Я вельмі ганаруся абедзвюма. Людзі пытаюць, ці ёсць тое, што звязвае гэтыя рэчы, і я адказваю: "Гэта я!" — казаў пра сябе Ален Дэлон пасля заканчэння працы ў кіно.
Колькі алкаголю не шкодзіць здароўю?
Нямецкае грамадства харчавання перагледзела сваё стаўленне да алкаголю. Навукоўцы выпусцілі новыя рэкамендацыі, якія страляюць проста ў сэрца нямецкай традыцыі стукнуцца куфлямі піва за вячэрай.
Раней навукоўцы ў цэлым згаджаліся з тым, што трохі алкаголю можна. Пад "трохі" мелася на ўвазе 20 мл чыстага спірту для мужчын (гэта прыкладна паўлітровы куфаль піва) і 10 мл для жанчын на дзень.
Як піша Deutsche Welle, цяпер Нямецкае таварыства харчавання настойвае, што самая карысная для здароўя колькасць алкаголю — нуль праміле. Ні кроплі. Наогул.
Любая колькасць алкаголю нашкодзіць здароўю, лічаць нямецкія навукоўцы.
Ужыванне алкаголю прыводзіць да траўмаў і нярэдка — гвалту, павышае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, захворванняў печані, развіцця раку грудзей і тоўстай кішкі.
Празмернае ўжыванне алкаголю і алкагалізм акрамя відавочнай шкоды для залежнага нясуць праблемы яго сям'і і грамадству. Гэта таксама не вяжацца са здароўем.
"Рэкамендуецца цалкам адмовіцца ад спіртных напояў. А тым, хто ўжывае алкаголь, варта пазбягаць яго высокіх канцэнтрацый ў крыві і запояў. Асабліва гэта датычыць маладых людзей. Дзеці, падлеткі, цяжарныя жанчыны і маці, што кормяць, наогул павінныя адмовіцца ад алкаголю", — настойвае Кіран Вірмані, дырэктар Нямецкага таварыства харчавання.
Лаўкост Wizz Air выпусціў праязны на год
Гэта ж мара — лётаць колькі ўлезе! Менавіта так венгерская авіякампанія Wizz Air пазіцыянуе сваю новую акцыйную прапанову.
Як высветлілі журналісты Euronews, перш чым хапаць абанемент, усё ж варта прачытаць напісанае дробным шрыфтам.
Умовы акцыі такія: да 16 жніўня можна было купіць гадавы абанемент на пералёты авіякампаніі за 499 еўра. Цяпер ён абыдзецца ў 599 еўра.
Па гэтым праязным можна будзе браніраваць пералёты на любых маршрутах, але толькі за 72 гадзіны да вылету. І за кожны рэйс трэба будзе даплаціць 9,99 еўра. Багаж і іншыя паслугі аплачваюцца дадаткова.
Увосень у ЕС запрацуюць новыя правілы EES (аўтаматызаванай сістэмы лічбавага збору звестак грамадзян трэціх краін у Еўрасаюзе). Яны абавяжуць авіякампаніі падаваць інфармацыю пра пасажыраў за 48 гадзін да вылету.
Як Wizz Air будзе вырашаць гэтую супярэчнасць са сваёй прапановай браніраваць білеты ў апошні момант — пытанне.
Але ў цэлым такі праязны цалкам можа акупіцца, калі два разы за год злётаць за 250 еўра туды-назад. А гэта, напрыклад, могуць быць два пералёты з Будапешта ў Хургаду і назад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.