Оргія ксяндзоў у Польшчы, Карабаха больш не існуе, Дамблдор памёр — #ІхНоравы

Наш традыцыйны агляд міжнародных навін.

Наш традыцыйны агляд міжнародных навін. / Калаж Улада Рубанава

Гарачы канфлікт у Карабаху, падобна, знайшоў вырашэнне, а вось каталіцкая царква ў Польшчы - не, і зноў на парозе вялікага разбору палётаў. Да таго ж, на жаль, жыццё — не казка, і некаторыя рэчы нельга павярнуць — як смерць актора, які ўвасобіў любімага героя. Пра гэта — чытайце ў нашым аглядзе міжнародных навінаў.
 

Секс-скандал напярэдадні выбараў у Польшчы

Гэты секс-скандал ужо які дзень запар абмяркоўвае ўся Польшча. У маленькім мястэчку непадалёк ад Кракава святары арганізавалі вечарыну, на якую запрасілі мужчыну секс-працаўніка. Мэта ў мерапрыемства была даволі канкрэтная, і яна не была звязаная з абмеркаваннем складаных багаслоўскіх пытанняў — святары прынялі таблеткі для патэнцыі. Што адбывалася за зачыненымі дзвярыма ў парафіяльным будынку, высвятляе следства. І, магчыма, пра гэта ніхто б і не даведаўся, калі б мужчына з эскорта не страціў прытомнасць.

Нехта з ксяндзоў выклікаў хуткую дапамогу, але калі дактары прыехалі, святары не адчынілі ім дзверы. Медыкі былі вымушаныя звярнуцца да паліцыі. Пра інцыдэнт напісала ўплывовая польская газета Gazeta Wyborcza — і разгарэўся скандал.

Паліцыя займаецца справай пра неаказанне дапамогі чалавеку, калі існуе пагроза смерці або прычынення шкоды здароўю. Сваё расследванне праводзіць і каталіцкая царква. Епіскапат кажа, што ўдзельнікаў секс-вечарыны звольнілі.

Непрызнаная рэспубліка Нагорны Карабах спыняе існаванне

Прэзідэнт Нагорнага Карабаха (Арцаха) Самвел Шахраманян абвясціў рашэнне аб спыненні існавання непрызнанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 года. Адпаведна, усе органы кіравання самаабвешчанай рэспублікі будуць распушчаныя. Жыхары Нагорнага Карабаха самі могуць вырашаць, ці заставацца ім на гэтай тэрыторыі.

Гэта вынік “антытэрарыстычнай аперацыі”, якую абвясціў Азербайджан у Нагорным Карабаху 19 верасня 2023 года. Патрабаванні Баку — поўнае раззбраенне непрызнанай рэспублікі і вывядзенне армянскай тэхнікі і вайскоўцаў. На падставе таго, што ўлады Арменіі афіцыйна прызналі Нагорны Карабах тэрыторыяй Азербайджана, той у сваю чаргу гарантаваў, што армянскае насельніцтва на гэтых землях можа спакойна жыць, вызнаваць сваю веру, размаўляць на сваёй мове і захоўваць культуру.

Памёр Дамблдор

Адзін з самых любімых герояў шанавальнікаў “Гары Потэра” Альбус Дамблдор, дырэктар школы чарадзейства “Хогвартс” памёр у шостай кнізе ад смяротнага закляцця “Авада кедаўра”. На жаль, памёр і актор, які граў гэтую выбітную ролю. Ва ўзросце 82 гадоў у Велікабрытаніі пайшоў з жыцця сэр Майкл Гэмбан. У заяве, апублікаванай ад імя яго жонкі і сына, сказана, што сям’я “спустошаная” паведмленнем пра яго смерць. Актор памёр у шпіталі ад пнеўманіі, і сваякі былі ў гэты момант побач з ім.

Гэмбана нельга назваць акторам адной ролі. Акрамя "Гары Потара" ён здымаўся ў "Кнізе Ілая", "Доктары Хто" і аскараноснай "Прамове караля".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі