Пад Брэстам знайшлі рэшткі амерыканскага самалёта
У Брэсцкім раёне пошукавікі паднялі на паверхню фрагменты ваеннага самалёта, збітага ў 1944 годзе, паведамляе БЕЛТА. Раскопкі вяліся ў лесе паблізу вёскі Збунін. Іх праводзілі вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны сумесна з прадстаўнікамі гісторыка-патрыятычна-тэхнічнага атрада "Авіапошук-Брэст". Спецыялісты паднялі на паверхню каля 120 фрагментаў штурмавіка А-20 "Бостан" амерыканскай вытворчасці: элементы рухавіка і ашалёўкі машыны, парашутныя спражкі, бірка радыёстанцыі з нумарам.
Пошукавікам таксама ўдалося ўстанавіць прозвішчы лётчыкаў, якія выконвалі на гэтым самалёце баявое заданне. Яны праходзілі службу ў 27 гвардзейскім авіяпалку, экіпаж быў збіты праціўнікам паблізу Брэста ў траўні 1944 года. "Пошукавую працу мы пачалі ў 2012 годзе. Раскопкі пацвердзілі, што гэта месца падзення самалёта, на якім лётаў экіпаж В.Т.Маркізава, А.П.Патапенка і І.Ф.Логінава", ― адзначыў кіраўнік атрада "Авіяпошук-Брэст" Уладзімір Бухта.
Лётчыкі не паспелі пакінуць падпаленую машыну. Партызаны пахавалі загінулых байцоў на тэрыторыі партызанскай стаянкі. Пасля заканчэння вайны рэшткі двух членаў экіпажа былі перапахаваныя недалёка ад Брэста.