Пад Гроднам п'яны ўцякаў ад ДАІ спярша на "Жыгулях", а потым пешшу
Уначы 25 сакавіка гродзенская ДАІ атрымала паведамленне, што па аўтадарозе Гродна-Прывалкі з парушэннямі рухаецца машына. Даішнікам паведамілі, што, магчыма, за яе рулём быў п'яны кіроўца.
Прыбыўшы на месца, інспектары пабачылі, як па дарозе на высокай хуткасці едзе ВАЗ 2104. За ім пачалася пагоня. Даішнікі нават папярэдзілі кіроўцу праз мегафон, што могуць ужыць зброю. Па іх словах, сваімі дзеяннямі кіроўца пагражаў жыццю і здароўю іншых удзельнікаў дарожнага руху і набліжаўся да населеных пунктаў.
На шчасце, зброю ўжываць не давялося: мужчына спыніў "Жыгулі" і паспрабаваў уцячы пешшу. Ён выскачыў з аўто і пабег у бок лесапалосы. Аднак інспектар ДАІ амаль адразу дагнаў яго.
Выявілася, што за рулём аўтамабіля, які рухаўся без рэгістрацыйных знакаў, быў 22-гадовы хлопец. У яго не было ні дакументаў ні правоў кіроўцы. Па яго словах, спыніцца па патрабаванні ДАІ ён спалохаўся, бо перад паездкай выпіў каля двух літраў піва. Медагляд выявіў у кіроўцы амаль 1,5 праміле алкаголю.
Дарэчы, хлопца ўжо прыцягвалі да адказнасці за кіраванне ў п'яным выглядзе. За гэта ён быў пазбаўлены правоў на кіраванне. Цяпер на яго могуць пачаць крымінальную справу.