Пад Мінскам загарэўся сметнік
Увечары 23 траўня, каля 21-й гадзіны, ратавальнікі Мінскай вобласці атрымалі паведамленне пра пажар на тэрыторыі палігона прамысловых адходаў "Прудзішча" каля вёскі Пашкавічы Мінскага раёна. Сметнік плошчай 22 га знаходзіцца насупраць двух мінскіх мікрараёнаў — Чыжоўкі і Лошыцы.
Агонь ахапіў плошчу ў 350 квадратных метраў. Для яго ліквідацыі былі задзейнічаныя 14 машын і 33 чалавекі, у тым ліку 6 машын і 21 работнік МНС.
Пацярпелых пры здарэнні няма. Прычына пажару высвятляецца.
Як паведаміў у сацсетках грамадскі актывіст Артур Фінькевіч, на мінулым тыдні адбыўся сход жыхароў Лошыцы для збора подпісаў за закрыццё гэтага сметніка. На наступным тыдні такі ж сход плануецца правесці ў Чыжоўцы. На цяперашні час сабрана каля 400 подпісаў за закрыццё сметніка. Яны перададзеныя ў адміністрацыю Заводскага раёна сталіцы і КУП “Экарэз”.