Пад Смалявічамі была другая пагоня за 10 дзён за адным і тым жа п'яным кіроўцам
У Смалявіцкім раёне адбылася другая пагоня за 10 дзён за адным і тым жа п'яным кіроўцам. Як інфармуе прэс-служба УДАІ УУС Мінскага аблвыканкама, 6 чэрвеня каля 14-й гадзіны супрацоўнікі ДАІ звярнулі ўвагу на аўтамабіль Volkswagen Golf, у якога не было пярэдняга крыла. Кіроўца не спыніўся на патрабаванне, пачалася пагоня. На палявой дарозе з машыны выскачылі два пасажыры. Пакуль легкавік стаяў, а з яго пярэдняга пасажырскага сядзення выбіраўся мужчына, адзін з даішнікаў паспрабаваў выцягнуць ключы з замка запальвання. Аднак кіроўца пачаў рух аўтамабіля і некалькі метраў працягнуў супрацоўніка ДАІ, пасля скінуў яго і паехаў далей.
Пагоня скончылася праз кіламетр, калі Volkswagen Golf з'ехаў у кювет. Кіроўца спрабаваў уцячы, але быў затрыманы. Высветлілася, што для яго гэта ўжо трэцяе такое затрыманне за пяць гадоў. Кожны раз ён быў у стане алкагольнага ап'янення. На гэты раз на медасведчанні мужчына ўстанавіў рэкорд па праміле — 2,1. Папярэдні раз яго затрымлівалі 28 траўня 2019-га і таксама з пагоняй (гл. другое відэа). Цяпер жа ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за супраціўленне супрацоўнікам ДАІ. За паўторнае на працягу года кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення 26-гадоваму жыхару вёскі Зарэчча пагражае крымінальная адказнасць.
Самае цікавае, што ў кіроўцы ніколі не было вадзіцельскіх правоў. На гэты раз ён ехаў на машыне сябра, яе канфіскуюць.