Пад Смалявічамі рабочы загінуў ад удару токам
Пад Смалявічамі на вытворчасці загінуў 53-гадовы мужчына. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, гэта здарылася на прадпрыемстве, якое займаецца вытворчасцю вырабаў з металу.
Трагічнае здарэнне адбылося 17 чэрвеня ў цэху прадпрыемства. 53-гадовы наладчык абсталявання адключыў падачу электрычнасці і адкрыў крышку трансфарматара, каб праверыць вентылятар. Але ён не выканаў усе меры перасцярогі і атрымаў удар токам, праз які сканаў на месцы.
У той самы дзень іншы выпадак вытворчага траўматызму быў зафіксаваны ў Пінску. 48-гадовы рабочы займаўся штрабленнем сценаў у доме, які ўзводзіцца. Падчас выканання працаў атрымаў траўму твару. Пацярпеламу аказалі медыцынскую дапамогу, яго жыццю і здароўю нічога не пагражае.
Выяўлена таксама, што мужчына быў моцна п'яны. Па факце інцыдэнту вядзецца праверка.