Падазраваны ў гучным забойстве ў Бірулёва не прызнаў сваю віну
Архан Зейналаў заявіў пра гэта ў сераду ў зале Прэсненскага суда Масквы.
Як паведамляла Еўрарадыё, падчас затрымання ў аўторак у Каломне, азербайджанец, нібыта, прызнаўся аператыўнікам у забойстве масквіча Ягора Шчарбакова. Пазней следчыя заявілі, што Зейналаў афіцыйна прызнаўся ў злачынстве. Аднак у судзе падазраваны ад сваіх словаў адмовіўся. Суд арыштаваў Архана Зейналава, як падазраванага ў забойстве.
Дарэчы, сёння з'явілася дзіўная інфармацыя пра верталёты, на якіх Архана Зейналава везлі ў Маскву. На відэа відаць, што яго саджаюць у адзін верталёт, а выводзяць з іншага!
Меркаваны забойца з Бірулёва памяняў верталёты ў паветры (фота, відэа)
Нагадаем, у чацвер у маскоўскімі раёне Бірулёва невядомы мужчына зарэзаў маладога чалавека, які абараняў сваю дзяўчыну, пасля чаго ўцёк. Твар меркаванага забойцы трапіў у камеры відэаназірання, ён мог быць выхадцам з Каўказа або з Сярэдняй Азіі. Жыхары раёна ў нядзелю сабраліся, каб запатрабаваць хутчэйшага расследавання забойства. "Народны сход" перарос у масавыя беспарадкі. Паліцыя затрымала амаль 400 чалавек.
Фота — ria.ru, МУС Расіі