Падчас вайны Украіна працягвае пастаўляць Расіі запчасткі для самалётаў

Самалёт, ілюстрацыйнае фота

Самалёт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Падчас вайны расійская авіяпрамысловасць працягвае атрымліваць забеспячэнне ад расійскай кампаніі "Авія ФЭД сэрвіс", якая ў сваю чаргу большую частку запчастак купіла ва Украіне. Пра гэта распавядаецца ў журналісцкім расследаванні "Важных гісторый".

За 2022 год і першую палову 2023-га "Авія ФЭД сэрвіс" паставіла запчасткі Мінабароны РФ, Растэху і прэзідэнцкаму лётнаму атраду як мінімум на 650 мільёнаў расійскіх рублёў. Прычым з Украіны прыйшла большая частка паставак — на 370 мільёнаў расійскіх рублёў.

Гаворка ідзе пра дэталі для самалётаў Ан-124 вытворчасці Харкаўскага машынабудаўнічага завода ФЭД, запчасткі для лакацыйных станцый верталётаў Ка-32 вытворчасці Кіеўскага завода "Радар", дэталі для рамонту рухавікоў Ан-24 і Ан-12 вытворчасці "Матор Січ", прадукцыю Кіеўскага завода "Арцём", Харкаўскага агрэгатнага канструктарскага бюро, Ваўчанскага агрэгатнага завода ды іншых украінскіх прадпрыемстваў.

Акрамя таго былі пастаўкі з Францыі, ЗША і Вялікабрытаніі.

Хаця кампанія "Авія ФЭД сэрвіс" трапіла пад украінскія санкцыі яшчэ ў 2018 годзе, гэта не перашкодзіла ёй займацца закупкамі ва Украіне. Як выявілі журналісты, закупкі ідуць праз зарэгістраваную ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ) кампанію Linker.

Апошняя пастаўка Linker была зробленая сёлета ў студзені. Пасля гэтага пастаўкі ішлі праз кампанію "Бакайторг1" з Кыргызстана — яе зарэгістравалі ў красавіку 2023 года. За некалькі месяцаў яна паспела прадаць у Расію ўкраінскай прадукцыі на 40 мільёнаў расійскіх рублёў.

Дырэктар "Авія ФЭД сэрвіс" Аляксандр Рашэтнік заявіў журналістам, быццам прадукцыя, якая паступіла кампаніі ў 2022-2023 гадах, была закупленая раней і проста "ляжала за мяжой". Але ён не змог адказаць на пытанне, як гэтую прадукцыю закупіла "Бакайторг1", зарэгістраваная некалькі месяцаў таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі