Падляшская мова прагучыць у польскім фінале Еўрабачання
Дуэт Niczos і Sw@da
Упершыню ў польскім фінале Еўрабачання прагучыць падляшская мова. У фінальны этап нацыянальнага адбору выйшаў дуэт Niczos і Sw@da. Артысты выканаюць песню "Lusterka".
Niczos і Sw@da — гэта Ніка Юрчук і Віктар Шчыгель. Ніка паходзіць з Бельска Падляскага, Віктар — з Беластока, але мае калумбійскія карані. Іх музыка грунтуецца на ўнікальнай культуры Падляшша і спалучае традыцыйныя спевы з клубнымі аранжыроўкамі і рэпам.
"Конкурсы — гэта класна, бо яны дапамагаюць пашыраць кола ўдзельнікаў Podlasie Bounce Crew, далучаючы новых людзей да танцаў продкаў і музыкі фавэл з усяго свету. Але найперш мы хочам працягваць рабіць тое, што робім. Па-свойму. Дзякуючы вам падляшская мова ўпершыню прагучыць у польскім фінале Еўрабачання!" — пракаментавалі ў Інстаграме музыкі свой выхад у фінал нацыянальнага адбору на Еўрабачанне.
Польскі фінал адбору Еўрабачання адбудзецца 14 лютага на канале TVP2. Пераможцу выберуць сярод дзесяці калектываў і выканаўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.