ААН не ўключыла Беларусь у сусветны рэйтынг шчасця

Няма шчасця…
ААН апублікавала чарговую справаздачу пра ўзровень шчасця ў свеце, якая ахоплівае 147 краін. Беларусі там няма. У дакуменце World Happiness Report 2025 наша краіна не прадстаўлена ў асноўных табліцах з рэйтынгамі.
Сярод нашых суседзяў найбольш шчаслівыя людзі жывуць у Літве — 16-е месца. Польшча заняла 26-е, Латвія — 51-е, Расія — 66-е, а Украіна — 111-е месца.
Апошні раз Беларусь была ўключана ў рэйтынг у 2019 годзе і займала 75-е месца. Найлепшай пазіцыяй краіны было 59-е месца.
У 2024 годзе на першых пазіцыях зноў апынуліся краіны Паўночнай Еўропы. Самая шчаслівая краіна ў свеце — Фінляндыя.
Што гэта за рэйтынг?
Метадалогія даследавання базуецца на даных Gallup World Poll за 2022–2024 гады і World Risk Poll 2019 года. Асноўны паказчык — Cantril Ladder, дзе рэспандэнтам прапануецца ацаніць сваё цяперашняе становішча па шкале ад 0 (найгоршае жыццё) да 10 (найлепшае жыццё).
Дадаткова аналізуюцца шэсць паказчыкаў дабрабыту, такіх як узровень даверу да паліцыі, гатоўнасць дапамагчы незнаёмцу, удзел у валанцёрстве і дабрачыннасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.