"Паедзеце на Жлобін": спраўдзілі, ці закрываюць радзільнае аддзяленне ў Рагачове
У бальніцы на чуткі пра закрыццё радзільнага аддзялення рэагуюць неадназначна / rogachevcrb.by
"Згушчонка, можа, у Рагачове і засталася, а вось радзільнае аддзяленне закрылі", — кажуць чытачы "Еўрарадыё".
Рагачоў — райцэнтр з насельніцтвам больш за 32 тысячы чалавек. Не такі ўжо і маленькі па беларускіх мерках горад. Увесь раён — гэта больш за 51 тысячу чалавек. Паводле статыстыкі, Рагачоў памірае, натуральны прырост насельніцтва тут не адбываецца ўжо больш за 10 гадоў. Свежых дадзеных па колькасці народжаных у раёне няма, але ў 2020 годзе на свет з'яўлялася 42 дзіцяці на месяц. Дык няўжо Рагачову не патрэбнае радзільнае аддзяленне? І калі так, што тады рабіць тым, хто ўжо чакае папаўнення ў сям'і?
— Ці праўда, што закрываюць радзільнае аддзяленне? — Еўрарадыё патэлефанавала ў рагачоўскую раённую бальніцу.
— Не, няпраўда. Калі нават і закрыюць — паедзеце на Жлобін, на Гомель. Калі раптам закрыюць.
— Дык значыць такое можа здарыцца?
— У нас такіх размоў няма. У нас цішыня і спакой. Усе працуюць, — адказалі ў акушэрскім аддзяленні.
Да Жлобіна ад Рагачова — 25 км, да Гомеля — 115 км. І сюды ў выпадку чаго прыйдзецца ехаць не толькі парадзіхам, а любому пацыенту, якому спатрэбіцца дапамога профільнага лекара, якога не знойдзецца ў Рагачове.
І такая сітуацыя па ўсёй краіне, калі верыць словам намесніка міністра аховы здароўя Юрыя Горбіча:
"Калі гэтага лекара няма ў патрэбнай мясцовасці, значыць для жыхароў гэтага райцэнтра будуць вылучаныя месцы і магчымасць прыёму лекара, які працуе ў суседнім".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.