Пагрозы згвалціць і катаванні: гісторыі з Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў
Гвалт і катаванні з боку сілавікоў / TUT.by
Катаванні, пагрозы згвалтавання, агнястрэльныя раненні — усё гэта ў першым спісе (даступна праз VPN) з 28 матэрыялаў праверкі ў "Адзінай кнізе рэгістрацыі злачынстваў".
Імёны заяўнікаў схаваныя, а ў большасці выпадкаў тыя, хто катаваў, збіваў і пагражаў затрыманым, не ўстаноўленыя. У такіх гісторыях удзельнікамі злачынства называюцца непасрэдныя начальнікі сілавікоў.
Складальнікі сцвярджаюць, што гэта імёны і пацверджаныя юрыстамі доказы злачынстваў супрацоўнікаў сілавых структур і сябраў выбарчых камісій, якія фальсіфікавалі выбары.
Пагрозы згвалтавання дубінкай
Нягледзячы на заявы сілавікоў пра тое, што "згвалтаваць мужчыну ў Беларусі немагчыма", у АКРЗ апублікавана дзве гісторыі пра пагрозы згвалтавання міліцэйскай дубінкай.
Першая — ад затрыманага 12 жніўня мужчыны, якога катавалі ў службовым аўтамабілі. Мужчыну, паводле яго слоў, сістэматычна збівалі нагамі, рукамі і дубінкамі па розных частках цела. Абражалі, зневажалі, зразалі валасы з галавы і загадвалі іх з'есці. Рвалі на ім трусы і пагражалі згвалтаваць дубінкай. Пагражалі забіць.
Вось няпоўны спіс траўмаў, якія атрымаў пацярпелы: закрытая ЧМТ, страсенне галаўнога мозга. Выцятыя мяккія тканкі, шматлікія гематомы, у тым ліку на галаве, сцёгнах і ягадзіцах. Закрыты пералом. Сінякі скуры машонкі. Траўматычны шок ІІ ступені.
Другая заява аб катаваннях і пагрозах згвалтавання ад затрыманага падчас нядзельнага маршу 8 лістапада мужчыны. Ён расказвае, што сілавікі катавалі яго па дарозе ў будынак ГУБАЗіК, а потым і там. Збівалі дубінкамі па ягадзіцах і сцёгнах, далонях, галаве. Білі электрашокерам каля вушэй. Паказвалі дубінку з надзетым прэзерватывам і пагражалі згвалтаваннем.
Катаванні ў РУУС
Іх апублікавана больш за ўсё. Гісторыі пра катаванні затрыманых у РУУС сталі з'яўляцца неўзабаве пасля 9 жніўня. Людзей збівалі ў дварах, актавых і спартыўных залах, у кабінетах і калідорах РУУС. І мы яшчэ не ведалі тады пра катаванні на Акрэсціна.
18 снежня гісторыя пра катаванні ў Фрунзенскім РУУС стала шырока вядомая пасля публікацыі відэа, дзе сілавікі б'юць затрыманых, мацюкаюцца, патрабуюць "аблізаць палку" і пагражаюць, што "ныркі дзве, а жыццё адно", калі затрыманы будзе маўчаць. Усё гэта адбываецца 12 жніўня.
Удзельнікамі катаванняў называюць дзевяць супрацоўнікаў МУС і пракуратуры.
Фрунзенскае РУУС фігуруе і ў гісторыі з выкраданнем. Двое невядомых выкралі жанчыну 21 кастрычніка з Каменнай Горкі, пасля чаго адвезлі ў Фрунзенскае РУУС. Праз некалькі дзён яе асудзілі.
У першыя публікацыі трапіла і ўжо ўсім вядомае сваёй "сцяной плачу" Савецкае РУУС. Заява з боку мужчыны, якога 25 кастрычніка сілавікі затрымалі, збілі і даставілі ў раённае ўпраўленне на завулку Якуба Коласа, 3. Там затрыманых катавалі, прымусіўшы стаяць тварам да сцяны, з рукамі за спінай у двары будынка на працягу васьмі гадзін.
Ёсць заявы пра катаванні ў Заводскім, Маскоўскім і Першамайскім РУУС. Пра катаванні ў апошнім заявіў бізнесмен Максім Харошын. Перад гэтым яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Яго заяве прысвечана асобная гісторыя.
Не адстаюць абласныя і раённыя гарады. Сярод апублікаваных заяў аб катаваннях фігуруюць Гомель, Ліда, Пінск і Кобрын.
Ёсць дзве заявы аб катаваннях у ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна ў жніўні і снежні.
Агнястрэльнае раненне
Ёсць заява ад мужчыны, якога ноччу 10 жніўня на вуліцы Веры Харужай падстрэліў АМАП. Ён расказвае, што па дарозе ў РУУС яго, ужо параненага, катавалі. Катаванні не спыняліся і ў Заводскім РУУС.
Вынясенне неправасуднага судовага акта
Шэсць гісторый пра суддзяў, якія выносілі рашэнні па справах затрыманых падчас масавых пратэстаў у Беларусі. Ва ўсіх выпадках суддзі, на думку складальнікаў АКРЗ, выносілі свае рашэнні выключна на падставе супярэчлівых і неправераных пісьмовых тлумачэнняў супрацоўнікаў міліцыі.
Апублікаваныя гісторыі суддзяў Савецкага і Заводскага раёнаў Мінска, Лепельскага, Карэліцкага і Вілейскага раёнаў Беларусі.
Таксама ёсць гісторыі пра спробу подкупу і ціску на сябраў выбарчай камісіі ў Заводскім раёне Мінска і фальсіфікацыі на выбарчым участку ў Маскоўскім раёне.
Што за АКРЗ і колькі ўсяго ў ёй заяў?
Праект створаны Народным антыкрызісным кіраваннем і камандай былых беларускіх сілавікоў. Гэта "адзіны архіў звестак злачынцаў і доказаў злачынстваў". Мяркуецца, што ў будучыні ён будзе выкарыстаны беларускімі судовымі органамі і "міжнароднымі прававымі арганізацыямі" для вынясення прысудаў і падрыхтоўкі крымінальных спраў.
На цяперашні момант у АКРЗ 397 прынятых і адфільтраваных заяў. Але паступіла ўжо больш за тысячу.
Сярод іх заявы аб 117 злачынствах супраць правоў грамадзян; аб 188 выпадках катаванняў і гвалту; аб 9 забойствах; аб 66 службовых злачынствах і аб 14 злачынствах іншага характару.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.