Пакуль клубніцы дабіраюцца да сталіцы, яны даражэюць удвая! (фота)

На Камароўцы водар такі, што не набыць клубніцы, здаецца, зусім немагчыма.  Але кошты пакуль не такія смачныя. Самыя танныя ягады — па 40 тысяч рублёў — выглядаюць не вельмі, падгуляўшыя і падушаныя. Прадаўцы такіх ягад амаль не бачаць пакупнікоў.

З'явілася ягада з Брэстчыны — ад 45-48 тысяч рублёў за кілаграм. За грэчаскую клубніку просяць ад 55 тысяч рублёў. У сярэднім, кіло клубніц каштуе на Камароўскім рынку 50 тысяч. Для параўнання, у Беластоку за кілаграм ягад прасілі каля 5 злотых (20 тысяч рублёў).

"Клубніцы мо яшчэ і патаннеюць, тыдзень таму прадавалі па 150 тысяч, а цяпер — вунь як упалі кошты", кажа мне прадаўшчыца, у якой ягада па 60 тысяч рублёў. Цікава, што ў клубнічнай сталіцы, вёсцы Дварэц (Лунінецкі раён) першая клубніка з'явілася толькі ўчора.

"Урэшце дачакаліся, бо было вельмі холадна і ягада не спела, — кажа мне сяброўка Надзея, якая як і многія яе аднасяльчане вырошчвае ягаду ў прамысловых маштабах. Але ў некаторых ёсць ранняя клубніка. Яны яе прадаюць па 23-25 тысяч рублёў!".

Пакуль ягада даязджае да Мінска, яна даражэе ўдвая.

Другая ягада Камароўкі, якую набываюць па паўкіло-кілаграме — чарэшня. Яе кошт вагаецца ад 50 да 80 тысяч рублёў.

"У нас самыя танныя гандлёвыя рады, у нас і яшчэ ў самым пачатку першы рад. У нас набывайце, бо там (прадаўшчыца паказвае на сярэдзіну сезоннага рынка Камароўскі,  Еўрарадыё) чарэшня была і па 600 тысяч рублёў!" — рэкламуе гандлярка. Рэклама дае плён — неўзабаве на крайнім раду ўтвараецца чарга.

Трэцяя нагода, з якой гаспадыні і гаспадары спяшаюцца на рынак − першая бульба! Любімая беларусамі гародніна пакуль на Камароўцы толькі з Украіны. Кошт не апускаецца ніжэй за 15 тысяч рублёў за кілаграм. Але ў асноўным ранняя бульба каштуе ў раёне 17-20 тысяч рублёў. 

"За Беларускай прыходзьце праз месяц. Пакуль кабачкі, бульба, памідоры, перац  ўсё вязем з Украіны. Глядзіце, якія кабачкі! Маленькія аддам за 10 тысяч за кілаграм!" — прапаноўвае прадаўшчыца. 

Але на Камароўку можна ісці па агуркі, памідоры і зеляніну. Кошты на агуркі цяпер вельмі нізкія. Да прыкладу, кілаграм пупырыстых калючых агурочкаў прадаецца па 12-13 000 рублёў.

Але можна знайсці агуркі і за 9000 за кілаграм! Гэта ўдвая танней, чым у гіпермаркетах.

Радыска прадаецца па 7-8 тысяч за пучок, а за свежую цыбулю просяць ад 1800 рублёў за 100 грамаў.

Табліца коштаў на садавіну-гародніну ў 2014-2015 гадах, у рублях

2015 год, чэрвень

2014 год, чэрвень

Клубніцы, кг

50 000

25000-40000

Чарэшні, кг

50 000

35000-40000

Бульба, кг

16-18 000

Ад 15000

Памідоры, кг

Ад 20000

25000

Агуркі, кг

Ад 9000

Ад 12000

Цыбуля, кг

18-25000

15000

Перац, кг

Ад 45000

44000

Радыска, кг

25-30 000

15000

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі