Палітолаг: Відавочна, што сэнсу ў сустрэчы Парашэнкі з Пуціным няма

Амаль адначасова тэмай урэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны і арганізацыяй з гэтай нагоды сустрэчы Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Пуціна заняліся кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу. Першы прапанаваў запрасіць прэзідэнта Украіны на сустрэчу лідараў краін Мытнага саюза, другі — правесці трохбаковыя перамовы ў фармаце Украіна-Расія-ЕС. І абодва прэзідэнты прапанавалі правесці перамовы напрыканцы жніўня.

Цікава, што спробы арганізаваць сустрэчу Парашэнкі і Пуціна адбываюцца на фоне эскалацыі канфлікту на Данбасе. І хоць афіцыйны Кіеў дыпламатычна заявіў, што гатовы да любых перамоў, эксперты не надта высока ацэньваюць верагоднасць такой сустрэчы ў Мінску.

Кандыдат палітычных навук з Кіева Пётр Аляшчук верагоднасць сустрэчы ў Мінску ацэньвае як 50 на 50. Пры гэтым, сэнсу ў ёй не бачыць.

Пётр Аляшчук: “На дадзены момант відавочна, што сэнсу ў такой сустрэчы няма. Бо цяпер мы назіраем супрацьлеглыя дзеянні і дэкларацыі з расійскага боку. Так, пару дзён таму Пуцін заяўляе, што ён прыкладзе ўсе намаганні для дээскалацыі канфлікту ва Украіне, а праз дзень-два лідары баявікоў на Данбасе заяўляюць, што ім паступае падмацаванне ў выглядзе падрыхтаваных на тэрыторыі Расіі па чатырохмесячнай праграме баевікоў”.

А калі словам даверу няма, то навошта перамовы, задаецца пытаннем суразмоўца Еўрарадыё.

У тым, што з Расіяй няма пра што гаварыць і немагчыма дамовіцца, упэўнены дырэктар Цэнтра палітычнага аналізу “Стратагема” Юрый Раманенка.

Юрый Раманенка: “Пытанне сустрэчы з кіраўнікамі Мытнага саюза сёння не носіць першачарговага характару. Бо з Расіяй мы маем адкрыта варожыя адносіны — яна наш вораг, а менавіта яна вызначае палітыку Мытнага саюза. Адносіны з Беларуссю для нас важныя, але ж Беларусь не вызначае замежнай палітыкі Расіі. Да ўсяго, незразумелы парадак гэтых перамоў, незразумела, што сёння можа даць Расія, якая не збіраецца нічога змяняць і якая заняла тупую пазіцыю: “Будзе па-нашаму і ўсё!” Таму я не разумею, адкуль ажыятаж вакол гэтай ініцыятывы і навошта нам на злом галавы бегчы на сустрэчу з Мытным саюзам”.

                                          Юрый Раманенка

Юрый Раманенка звяртае ўвагу на сустрэчу міністраў замежных спраў Украіны і Расіі, якая прайшла ў мінулую нядзелю ў Берліне. Ад яе, кажа суразмоўца Еўрарадыё, не было ніякай практычнай карысці. Адпаведна, не даводзіцца чакаць вырашэння канфлікту на Данбасе і ад сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін.

“Расія наўрад ці пойдзе на нейкія прадметныя перамовы, пакуль не адчуе, што ваенным шляхам яна нічога не дасягне. Да таго часу яны будуць казаць адно і ў той жа час нагнятаць выбухованебяспечную сітуацыю”, — дадае Пётр Аляшчук.

                                                   Пётр Аляшчук

З украінскімі калегамі згодны і беларускі аналітык Валерый Карбалевіч. Маўляў, весці перамовы можна толькі ў тым выпадку, калі Расія гатовая адмовіцца ад падтрымкі сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. Такой гатоўнасці не назіраецца. Таму калі і сустракацца, то толькі каб пагаварыць на эканамічныя тэмы: якія эканамічныя праблемы могуць узнікнуць паміж Украінай і краінамі Мытнага саюза ў выніку падпісання Кіевам “Дамовы аб асацыяцыі з ЕС”.

Валерый Карбалевіч: “Лукашэнка абмаляваў гэтую праблему, гэтыя пытанні як прадмет для перамоў. Маўляў, Украіна мусіць запэўніць кіраўніцтва Беларусі, Расіі і Казахстана, што не будзе рээкспарту танных еўрапейскіх тавараў на рынкі краін Мытнага саюза. Але ці дастаткова гэтага, каб прыязджаць у Мінск на такую сустрэчу, — пытанне”.

                              Валерый Карбалевіч

Такім чынам, хоць канчаткова верагоднасць сустрэчы Парашэнкі з Пуціным па ініцыятыве Лукашэнкі суразмоўцы Еўрарадыё не выключаюць, сэнсу ў ёй яны не бачаць.

Фота: З архіва Юрыя Раманенкі і Пятра Аляшчука, www.trud.ru, obozrevatel.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі