Палітвязнем прызналі Паўла Вінаградава і яшчэ сем чалавек
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек. Гэта Іван Хвяшчук, Максім Мычко, Аляксандр Бендзь, Валянцін Лабачоў, Аляксандр Васін, Андрэй Андрэеў, Павел Вінаградаў і Аляксандр Цымбаліст.
Шасцёра асуджаныя за абразу Лукашэнкі або сарваны дзяржаўны сцяг. Павел Вінаградаў узяты пад варту па абвінавачанні ў паклёпе на Лукашэнку і распальванні варожасці да сацыяльных груп. Аляксандр Цымбаліст узяты пад варту па "справе Зельцэра": яго вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады і распальванні варожасці да сацыяльных груп.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць названых палітвязняў, спыніць іх крымінальны пераслед, дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя правапарушэнні, адмяніць адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса і спыніць усе раней пачатыя па іх крымінальныя справы. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Human Constanta, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Ідэнтычнасць і права.
Цяпер у Беларусі налічваюцца 962 палітвязні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.