Палкоўнік-ардэнаносец: буду хадзіць на акцыі пратэсту да перамогі

Палкоўнік-ардэнаносец: буду хадзіць на акцыі пратэсту да перамогі

На нядзельных маршах пратэсту ў Мінску многія заўважалі мужчыну ў ваеннай форме з узнагародамі. Гэта палкоўнік у адстаўцы Віктар Давыдаў. Пра сябе ён кажа: "Ветэран в'етнамскай вайны". У В'етнаме ён ваяваў у 1970-1971 гг.

76-гадовы палкоўнік першы раз выйшаў на марш пратэсту 16 жніўня і з таго часу штотыдзень ходзіць на нядзельныя акцыі. Ён хоча мірна паказаць, што не згодны з тым, што адбылося ў Беларусі пасля выбараў.

Віктар Давыдаў — кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Пасля службы і вучобы ён выкладаў у Мінскай вышэйшай інжынернай зенітна-ракетнай вучэльні, якая цяпер называецца Ваеннай акадэміяй.

У 1988 годзе ён атрымаў ордэн "За службу Радзіме" ІІІ ступені. На выбарах 1994 года галасаваў за Аляксандра Лукашэнку — першы і адзіны раз. Кажа, паверыў словам Лукашэнкі пра барацьбу з карупцыяй. "Але карупцыя ў нас як была, так і ёсць. Да таго ж, краіна галее. Просты прыклад, мая пенсія. У рублях яе дадаюць, але ў пераводзе на долары — а як ні круці, долар цяпер адзінка, якая вызначае ўзровень жыцця чалавека, — пенсія становіцца меншай", — перадае TUT.by словы Давыдава. 

Шмат гадоў ён не хадзіў галасаваць, але сёлета з'явіліся прэтэндэнты, якія яму спадабаліся. Аднак іх пасадзілі. "Тады мы вырашылі падтрымаць Ціханоўскую. За яе галасавала шмат маіх блізкіх, але выніковыя вынікі мяне здзівілі. Я зразумеў: тут усё не вельмі ў парадку", — распавядае палкоўнік.

Віктар Давыдаў кажа, што сілавікі вельмі дзівяцца, калі бачаць яго на акцыях пратэсту. 

"Неяк я ішоў каля іх аўтобуса, гляджу, яны адкрываюць шторы і здзіўлена глядзяць на мяне. Быў выпадак, я дайшоў да рэзідэнцыі, падышоў да ачаплення. Мне кажуць: скажыце ім пару слоў. Я вырашыў зачытаць Лермантава "Смерць паэта" і нагадаць: кара чалавечая ёсць усюды. Нават калі паводле закона не адкажаш, то Бог дагоніць. Адзін з іх тады выскачыў да мяне, стаў здымаць і правакаваць. Пытаўся: "Колькі вам пенсіі плацяць?", адказваю: "Дастаткова". Ён — мне: "А хто вам плаціць?". Я — яму: "Народ". Увогуле, ён зразумеў, што мяне так проста не возьмеш, і я пайшоў да другой групы сілавікоў", — згадвае палкоўнік.

Па яго словах, давялося трапляць і "пад разгон", але ад АМАПу ўцякаць ён не стаў. Аднак сілавікі яго ні разу не чапалі. 

На пытанне, колькі ён так гатовы хадзіць на акцыі пратэсту, Віктар Давыдаў адказвае: "Да перамогі, а яна прыйдзе, абавязкова. Улада павінна саступіць, бо яна бачыць, колькі народу супраць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі