Паляк двойчы спрабаваў трапіць у Беларусь у пошуках лепшага жыцця
Ён кажа, што хацеў працаваць будаўніком у нашай краіне.
Уначы 12 жніўня памежнікі з заставы "Брэст" атрымалі сігнал пра парушэнне дзяржаўнай мяжы.
На месцы здарэння яны выявілі на кантрольна-следовой паласе дарожку слядоў аднаго чалавека, якая ішла на тэрыторыю Беларусі. Як паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта, парушальніка ўдалося затрымаць праз некалькі хвілінаў.
Гэта быў 35-гадовы беспрацоўны грамадзянін Польшчы. Пры сабе ён меў прадукты харчавання, ідэнтыфікацыйную карту Польшчы, банкаўскую картку і 63 злотых. Мужчына кажа, што хацеў уладкавацца на працу будаўніком у Беларусі.
Высветлілася, што паляк не першы раз спрабуе трапіць у Беларусь у пошуках лепшай долі. У траўні 2015-га ён ужо спрабаваў незаконна трапіць у Беларусь. Тады яму вынеслі папярэджанне, дэпартавалі на радзіму і забаранілі ўезд у Беларусь на працягу года.
Цяпер замежніка аформілі як парушальніка дзяржаўнай мяжы. На яго могуць пачаць крымінальную справу за паўторнае на працягу года парушэнне дзяржмяжы.
Фота: ximik.info