Паляўнічых у Беларусі плануецца выкарыстоўваць для снайперскага прыкрыцця

Стралок, ілюстрацыйнае фота

Стралок, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Навыкі, экіпіроўку, тэхніку і зброю паляўнічых могуць выкарыстаць у інтарэсах тэрытарыяльнай абароны. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч.

Раней паведамлялася, што паляўнічых плануецца ледзь не пагалоўна запісаць у народнае апалчэнне. Аднак Шуневіч удакладніў: "Не апалчэння, а менавіта тэрытарыяльнай абароны, бо гэта больш спецыялізаванае і вузка завостранае воінскае фармаванне са спецыфічнымі задачамі, напэўна, больш сур'ёзнымі магчымасцямі, чым народнае апалчэнне".

Шуневіч паведаміў, што паляўнічых могуць выкарыстоўваць у якасці магчымага снайперскага прыкрыцця. "Гэта таксама можа быць ахова аб'ектаў, адбіццё нападаў дыверсійна-разведвальных груп і г.д. Гэта шырокі спектр прымянення, зыходзячы з тых навыкаў, ведаў і ўменняў, якія ў нас ёсць, і падрыхтаванасці, безумоўна", — заявіў кіраўнік таварыства.

Ён паведаміў, што што беларусы маюць на руках каля 100 тысяч адзінак паляўнічай зброі. Гэта, па словах Шуневіча, сярэднееўрапейскі ўзровень мілітарызацыі, але ніжэйшы, чым у Германіі, Італіі, Іспаніі і нават Расіі.

Ігар Шуневіч быў міністрам унутраных спраў у 2012-2019 гадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі